wd wp Пошук:

Мікалай Васілевіч Бірыла

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бірыла.

Мікалай Васілевіч Бірыла (10 верасня 1923, в. Скварцы Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці — 1 кастрычніка 1992) — беларускі мовазнавец. Акадэмік НАН Беларусі (1977; чл.-кар. з 1972), доктар філалагічных навук (1969), прафесар (1971). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978)[2].

Біяграфія

У час 2-ой сусветнай вайны ўдзельнічаў у партызанскім руху ў Беларусі[2]. Скончыў Мінскі педагагічны інстытут (1947)[2]. У 1947—1953 малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва, у 1953—1955 — старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства АН БССР[2]. У 1956—1958 — прафесар кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта[2]. З 1959 — загадчык сектараў тэрміналогіі, сучаснай беларускай мовы і культуры мовы Інстытута мовазнаўства АН БССР[2]. З 1977  адначасова выконваў абавязкі акадэміка-сакратара, у 1982—1992 — акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук АН Беларусі[2], з 1992 — саветнік пры Прэзідыуме АН Беларусі.

У 1982—92 быў галоўным рэдактарам часопіса «Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук».

Навуковая дзейнасць

Асноўныя навуковыя працы па пытаннях беларускай дыялекталогіі, сучаснай беларускай літаратурнай мовы і культуры мовы. Ім створаны цыкл работ, прысвечаных праблемам беларускай і славянскай анамастыкі.[2].

У галіне дыялекталогіі яго ўвагу прыцягвала лінгвагеаграфія. Удзельнічаў у падрыхтоўцы комплексу работ «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963) і «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69). Адзін з сааўтараў і рэдактараў шматтомнага «Лексічнага атласа беларускай мовы» (т. 1, 1992).

3 1958 адзін з выканаўцаў і кіраўнікоў лінгвагеаграфічнай працы «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас» (АЛА), якая выконваецца міжнародным калектывам. Першыя выпускі АЛА апублікаваны ў 1988. Пры распрацоўцы дыялекталагічнай тэматыкі шмат увагі аддаў даследаванню фанетыкі беларускіх народных гаворак, у прыватнасці націскнога вакалізму, вынікаў пераходу е ў ё(о), рэфлексаў агульнаславянскіх о, ъ, е, ь, этымалагічна мяккіх губных, парных па цвёрдасці — мяккасці д — дэ(д’), т — ц(т’) і інш. Удзельнічаў у падрыхтоўцы «Хрэстаматыі па беларускай дыялекталогіі» (1962), «Нарысаў па беларускай дыялекталогіі» (1964).

У «Курсе сучаснай беларускай літа{атурнай мовы» (у сааўтарстве; 1961), манаграфіях «Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове» (1986), «Беларуская граматыка» (у суаўтарстве; ч. 1—2, 1985—86), у радзе артыкулаў даследаваў пытанні фанетыкі, арфаэпіі, акцэнтуацыі.

Шмат увагі аддаў лексікаграфіі. Яго артыкул «Да пытання аб тыпе і прынцыпах укладання беларускіх абласных слоўнікаў» {Працы Інстытута мовазнаўства АН БССР. 1958. Вып. 5) значна паўплываў на развіццё рэгіянальнай лексікаграфіі ў рэспубліцы. Прымаў удзел у падрыхтоўцы і рэдагаванні «Падручнага польска-беларускага слоўніка» (разам з А. Абрэмбскай-Яблонскай; Варшава, 1962), «Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (Мн., 1970), слоўніка «Славянская анамастычная тэрміналогія» (Скоп’е, 1983), «Слоўніка беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне» (Мн., 1987).

М. В. Бірыла быў заснавальнікам новага ў беларускім мовазнаўстве кірунку — анамастыкі. Ён аўтар трохтомнай манаграфіі «Беларуская антрапанімія»: т. 1 — «Уласныя імёны, імёны-мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы» (1966), т. 2 — «Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі» (1969), т. 3 — «Структура ўласных мужчынскіх імён» (1982). У апошнія гады жыцця даследчык працаваў над чацвёртым томам «Беларускай антрапаніміі» (уласныя асабовыя жаночыя імёны), «Слоўнікам беларускіх прозвішчаў», «Анамастыконам Вялікага княства Літоўскага XVI ст.». У гэтых і шэрагу іншых работ даследаваў лексічны склад, структуру і ўтваральную базу сучасных беларускіх прозвішчаў, эмацыянальна-ацэначныя формы як сучасных уласных асабовых імён, так і імён 16—18 ст., сучасную беларускую антрапанімічную сістэму і працэс яе фарміравання, тыпалогію славянскіх прозвішчаў, узаемасувязі беларускай антрапаніміі з антрапаніміяй рускай, украінскай, польскай і літоўскай моў. 3 дакладамі па анамастычнай праблематыцы выступаў на V—VII і IX Міжнародных з’ездах славістаў.

Апублікаваў больш як 110 навуковых прац, у т. л. 8 манаграфій і слоўнікаў.

Узнагароды

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» (1976), медалямі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1971) за ўдзел у комплексе прац па беларускай лінгвагеаграфіі[2].

Выбраная бібліяграфія

Зноскі

  1. Bibliothèque nationale de France Mikalaï Basilevitch Biryla // data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011.
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Бирилло Николай Васильевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 58. — 737 с.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (24):
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Мовазнаўцы СССР
Катэгорыя·Памерлі ў 1992 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1923 годзе
Катэгорыя·Памерлі 1 кастрычніка
Катэгорыя·Акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Катэгорыя·Супрацоўнікі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Партызаны Вялікай Айчыннай вайны
Катэгорыя·Выкладчыкі Варшаўскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
Катэгорыя·Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі СССР
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Дактары філалагічных навук
Катэгорыя·Выпускнікі БДПУ імя Максіма Танка
Катэгорыя·Мовазнаўцы Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся 10 верасня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінскім павеце
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Пахаваныя на Усходніх могілках Мінска
Катэгорыя·Супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства НАНБ
Катэгорыя·Беларусісты
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных