Музей-сядзіба Васіля Быкава — музей народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, размешчаны ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці.
Дзейнічае як філіял Ушацкага музея народнай славы[1]. У склад музея ўваходзяць адбудаваныя дом, хлеў, пуня, агароджа.
Музей заснаваны паводле рашэння Ушацкага раённага Савета дэпутатаў ад 19 лютага 2004 года і распараджэння Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ад 1 сакавіка 2004 года[1]. На стварэнне музея ўлады выдаткавалі 80 мільёнаў рублёў[2].
Колішняя хата, у якой да 1940 года жыў пісьменнік, была пабудавана Уладзімірам Хведаравічам Быкавым. З 1976 года яна пуставала і ў 2003 годзе была разабрана па прычыне старасці, а на яе месцы была ўзведзена дакладная копія[3].
На ўрачыстым адкрыцці сядзібы 18 чэрвеня 2004 года старшыня Ушацкага райвыканкама К. Пачэпка зазначыў, што намагаліся будаваць так, як было калісьці зроблена бацькам пісьменніка.
На тэрыторыі сядзібы размешчаны хата, у якой прайшло дзяцінства Васіля Быкава, хлеў, гумно. Вакол хаты — дрэвы, пасаджаныя бацькам пісьменніка.
У хаце, якая складаецца з трох пакояў (жылая пакой, кухня і сенцы) агульнай плошчай 49 м² знаходзіцца этнаграфічна-бытавая экспазіцыя, дзе размешчаны прадметы хатняга ўжытку (альбо іх аналагі), якімі карысталася сям’я Быкавых. Захоўваюцца таксама кнігі з аўтографамі паэтаў і пісьменнікаў Беларусі, Расіі, Украіны, іншых дзяржаў. Сярод экспанатаў — копіі малюнкаў Васіля Быкава, стужка ганаровага жыхара Ушацкага раёна, асабістыя рэчы пісьменніка[4].
Экспазіцыя носіць мемарыяльны характар, што і абумоўвіла яе спецыфіку: на аснове тыпалагічных прадметаў быў адноўлены прыжыццёвы інтэр’ер і абстаноўка, у якой рос пісьменнік. Пры стварэнні мемарыяльнай экспазіцыі музея за аптымальную дату, на якую і была праведзена асноўная рэстаўрацыя і рэканструкцыя, аднаўленне інтэр’ераў, быў прыняты гістарычны перыяд, звязаны з нараджэннем і юнацкімі гадамі Васіля Быкава[5].
У асноўнай экспазіцыі музея ў сціснутай форме выдзелена гісторыка-біяграфічная частка, пабудаваная па тэматыка-храналагічным прынцыпе. Тут змешчаны дакументы, фотадакументы, аўтабіяграфічныя матэрыялы, літаратурныя выданні.