Мо́кіш[1] (трансліт.: Mokiš, руск.: Мокиш) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Стралічаўскага сельсавета.
Ліквідавана 21 верасня 2010 года[2].
Сяло Мокіш з пяцю дымамі і млын, паводле тарыфу падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1628 года, трымаў у заставе ад князя Вішнявецкага (Канстанціна?) пан Андрэй Клікашэўскі ды плаціў з іх 17 злотых і 12 грошаў[3]. У дакуменце з допыту казакоў, захопленых у палон пасля бітвы пад Загаллем, датаваным 29 чэрвеня 1649 года, названы Пётр з Мокіша, падданы пана Катарскага[4]. А ў люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства ад 25 студзеня 1683 года сказана, што вёску Мокіш з 7 дымамі трымаў пан Катарскі[5]. Пад 1687 годам у справе Оўруцкага гродскага суда Мокіш названы сярод паселішчаў, зруйнаваных працяглым пастоем казакоў палкоўніка Войска Запарожскага Паўла Апостала Шчуроўскага. Тады тут было 7 дымоў, 7 казакоў і два кані на пастоі[6]. У дакуменце таго ж суда ад 7 кастрычніка 1715 года сказана, што ў 1708 годзе пан маршалак мазырскі Антоні Аскерка захапіў землі з сенажацямі ва ўрочышчы Тварова, адпісаныя царкве св. Мікалая ў Брагіне яшчэ князямі Вішнявецкімі, а вёскі Глухавічы, Губаровічы, Сцяжарнае, Пучын, Мокіш, Еўлашы, якія належалі да прыходу названай царквы, у ваяводстве Кіеўскім, павеце Оўруцкім размешчаныя, да царквы ў сяле Губаровічы самавольна далучыў[7]. У 1734 годзе Мокіш трымалі ў заставе паны Войны[8]. На 1754 год вёска з 16 дварамі (×6 – каля 96 жыхароў) належала да Брагінскага маёнтка; з яе «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачваліся 2 злотыя, 14 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 9 зл., 26 гр.[9] У тым жа годзе маёнтак куплены ў пані Эльжбеты Замойскай, дачкі князя Міхала Сервацыя Вішнявецкага, панам ашмянскім войскім Францішкам Антоніем Ракіцкім. Паводле яўрэйскіх перапісаў 1765, 1778 і 1784 гадоў, у вёсцы Мокіш жылі адпаведна 6, 2 і 3 чалавекі (głowy), якія належалі да Брагінскага кагала[10]. Падобна, Каліеўшчына 1768 года — найбуйнейшае паўстанне за ўсю гісторыю гайдамацтва — паўплывала на колькасць яўрэяў і ў гэтай невялічкай вёсцы.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Мокіш апынуўся ў межах Чарнігаўскага намесніцтва, з 1796 г. у складзе адноўленага Рэчыцкага павета спачатку Чарнігаўскай, потым Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 г. Мінскай губерні Расійскай імперыі[11]. На 1795 год вёска Мокіш і фальварак Рудакоў былі ў «закладе у ротмистра Креча», але належалі пану рэчыцкаму падстаросце Ігнацыю Аскерку[12], які годам раней страціў жонку Ізабэлу[13], дачку папярэдняга ўладальніка добраў графа Міхала Адама Ракіцкага. Як сказана ў справе аб дваранстве роду Аскеркаў, у 1798 годзе іх сын Уладзіслаў (у 4 гады?) таксама быў уведзены ў валоданне вёскамі Мокіш, Еўлашы і Варацец[14]. З 1816 года згодна з сямейным пагадненнем уладальніцай маёнтка Мокіш і Бабчын стала Людвіка, дачка Ігнацыя, Аскерка[15]. У 1834 годзе гаспадыняй Рудакоўскага маёнтка з Мокішам, Бабчынам і інш. была ўдава Уладзіслава пані Ядзвіга з Гячэвічаў Аскерчына, якую настаяцель Бабчынскай Крыжаўздзвіжанскай прыходскай царквы І. Нямшэвіч у метрычных запісах хросту дзяцей яе сялян чамусьці называў Еўдакіяй[16]. Паводле інвентару 1844 года Мокіш — вёска з 27 дварамі, 173 жыхарамі і аднайменны фальварак Рудакоўскага маёнтка — былі ўласнасцю непаўналетніх Генрыка Юстына, Аляксандра Юстыніяна і Зофіі Марцэлы Аскеркаў, але знаходзіліся ў арэндзе ў Міхаіла Ігнатавіча Быкава[17]. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засведчана, што 197 жыхароў вёскі Мокіш з’яўляліся прыхаджанамі Бабчынскай Крыжаўздзвіжанскай царквы, 3 мужчыны і 2 жанчыны з ліку жыхароў фальварка былі парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[18].
У парэформенны перыяд — у Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Да свайго спачыну ў 1866 годзе маёнткам валодаў Генрык Аскерка, а пасля яго дочкі Марыя і Алена. У 1870 годзе ў Мокішы 101 селянін і 3 аднадворцы. На 1889 год маёнтак Рудакоў з фальваркамі Бабчын і Мокіш (усяго 7162 дзесяціны зямлі) у Мікуліцкай воласці належалі пані Алене (Аскерчанцы) Ваньковіч[19]. У 1897 годзе ў вёсцы 57 двароў, 367 жыхароў. Дзейнічалі царкоўна-прыходская школа, конны млын. У фальварку 24 жыхары. У 1907—1912 гадах ураджэнец Мокіша селянін Кіпрыян Трафімавіч Ярмольчык быў дэпутатам ІІІ Дзяржаўнай думы ад Рэчыцкага павета; сябар “Русской национальной фракции”[20]. На 1909 год у вёсцы Мокіш 70 двароў, 435 жыхароў, у фальварку 1 двор, 10 жыхароў[21]. У 1911 годзе ўладальніца маёнтка А. Ваньковіч.[22].
З 9 мая 1923 года Мокіш у складзе Хойніцкай воласці Гомельскай губерні, з 8 снежня 1926 года цэнтр Мокішскага сельсавета Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акругі, з 30 снежня 1927 года ў складзе Бабчынскага сельсавета тых жа раёна і акругі, з 20 лютага 1938 года ў Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры, з 8 студзеня 1954 года ў Гомельскай вобласці. У 1926 годзе ў вёсцы Мокіш 114 гаспадарак, 664 жыхары. На 15 лістапада 1927 года 713 жыхароў. У 1959 годзе ў Рудакоўскім сельсавеце, 677 жыхароў, у 1970 годзе 574 жыхары.