Маргарэта дэ Хеер (нідэрл.: Margaretha de Heer, каля 1603, Леўвардэн, Нідэрланды — каля 1665, там жа) — нідэрландская мастачка, працавала падчас Залатога стагоддзя Нідэрландаў. У асноўным адлюстроўвала жывёл, птушак і насякомых[5].
Маргарэта дэ Хеер нарадзілася ў горадзе Леўвардэн паміж 1600 і 1603 гадамі. Яе бацька Ар’ен Віллемс дэ Хеер (Arjen Willems de Heer) і брат былі мастакамі па шклу. Вучылася жывапісу ў бацькі, які валодаў вялікай майстэрняй.
21 верасня 1628 года Маргарэта выйшла замуж за мастака Андрыса Нейхофа (Andreas Nijhof) і з 1636 па 1646 год працавала разам з ім у Гронінгене[6]. У 1650 годзе муж і жонка набылі дом у Леўвардэне. У іх было двое дзяцей.
Андрыс Нейхоф неаднаразова згадваецца ў афіцыйных дакументах, тады як Маргарэта не належала ні да якой афіцыйнай арганізацыі мастакоў. Тым не менш ні адной карціны Нейхофа ў наш час не вядома, а Маргарэце прыпісваецца каля 50 работ.
Яе творчасць вельмі разнастайная: сярод работ дэ Хеер пераважаюць выявы кветак і птушак, аднак яна таксама пісала жанравыя карціны і пейзажы. Мастачка аддавала перавагу акварэлі і гуашы, аднак таксама працавала алеем і тэмперай[7]. Усе яе карціны і малюнкі маюць невялікі фармат. Большая іх частка цяпер знаходзіцца ў Фрызскім музеі ў Леўвардэне. Адна з вуліц горада таксама названа ў яе гонар[8].