wd wp Пошук:

Мальдывы

Мальдывы (мальд.: ދިވެހިރާއްޖެ, Dhivehi Raa’je), афіцыйная назва Мальдыўская Рэспу́бліка (мальд.: ދިވެހިރާއްޖޭގެ ޖުމުހޫރިއްޔާ [divehi raːɟɟeːge ɟumhuːrijjaː])  — дзяржава ў Паўднёвай Азіі, на Мальдыўскіх астравах у паўночна-заходняй частцы Індыйскага акіяна. Размяшчаецца на 26 каралавых атолах. Гэта самая маленкая краіна Азіі і па плошчы (298 км2) і па колькасці насельніцтва (каля 400 тыс. чал. (2018)). Самая “нізкая” і найбольш уразлівая да глабальнага пацяплення дзяржава свету. Сталіца — Мале на аднайменным востраве.

Жыхары Мальдваў — гэта галоўным чынам дывехі. Дзяржаўная рэлігія — іслам.

Краіна, што развіваецца, найбольш высакадаходная дзяржава рэгіёну. Аснову эканомікі па-ранейшаму складаюць рыбалоўства і перапрацоўка рыбы, хуткімі тэмпамі развіваецца турызм.

Мальдывы стаяць ля вытокаў рэгіянальнай арганізацыі СААРК (паўднёваазіяцкае супрацоўніцтва), з’яўляюцца сябрам Руху недалучэння, Ісламскага супрацоўніцтва. Да 2016 уваходзілі ў Садружнасць нацый, аднак выйшлі са складу арганізацыі у знак пратэсту супраць абвінавачванняў ў карупцыі і парушэннях правоў чалавека[3].

Этымалогія

Існуюць дзве версіі паходжання назвы, паводле якіх у перакладзе з зусім няроднасных моваў тапонім “Мальдывы” азначае прыблізна адно і тое ж:

Геаграфічнае становішча

Мальдывы займаюць мерыдыянальна выцягнуты каралавы архіпелаг Мальдыўскія астравы на вяршынях падводнага хрыбта ў паўночнай частцы Індыйскага акіяна на паўднёвым захадзе ад паўвострава Індастан. Ланцужок з 26 атолаў прасціраецца з поўначы на поўдзень на 960 км ад атола Іхавандзіполу да атола Аду Сіці. Два паралельныя ланцугі атолаў уключаюць каля 1200 дробных каралавых астравоў. Частка іх абкружана бар’ернымі рыфамі.

Прырода

Адзін з 1200 каралавых астравоў

Мальдыўскія астравы сфармаваліся на вяршынях сярэдняй часткі падводнага Чагас-Лакадыўскага хрыбта. Разам з Лакадыўскімі астравамі і архіпелагам Чагас на поўначы і поўдні адпаведна, Мальдывы ўтвараюць агульны экарэгіён. Астравы каралавага паходжання, таму выключна нізінныя і роўныя: сярэдняя вышыня краіны — 1,5 метры над узроўнем мора, найбольшая — усяго 2,4 метры (на атоле Аду). Гэтыя лічбы робяць Мальдывы самай нізкай краінай свету, а таксама найбольш уразлівай да падняцця ўзроўню Сусветнага акіяну (у сувязі з чым у 2009 урад паабяцаў за дзесяцігоддзе ператварыць Мальдывы ў “безвугляродную” краіну, абапіраючыся на сонечную і ветравую энергетыку).

Клімат субэкватарыяльны мусонны. Сярэдняя тэмпература ўвесь год 24-28°С. Ападкаў каля 2500 мм у год, яскрава выражанага сухога сезона няма. Рэк і ручаёў няма. Порысты вапняковы грунт не затрымлівае ваду, таму адзначаецца яе недахоп. Раслінны свет вельмі бедны, на каралавых выспачках растуць гаі какосавых пальмаў, хлебнага дрэва. Жывёльны свет: фруктовыя кажаны, чарапахі; у прыбярэжных водах — чарапахі, малюскі, кітовыя акулы.

Гісторыя

Асноўны артыкул: Гісторыя Мальдываў Першымі жыхарамі астравоў былі цёмнаскурыя дравіды. У V-VII стагоддзях Мальдывы паступова засяляюцца арабамі і персамі. У ХII стагоддзі на архіпелаг прыйшоў іслам, што паспрыла кансальдацыі атолаў у Мальдыўскі султанат. Новая дзяржава ўсталявала цесныя сувязі з Індыяй, арабскім светам, Афрыкай. У ХVI стагоддзі ў Індыйскі акіян пацягнуліся партугальскія і галандскія караблі, аднак першыя спробы каланізацыі былі беспаспяховымі і Мальдывы яшчэ доўгі час заставаліся незалежнымі.

У ХІХ стагоддзі ўся Паўднёвая Азія трапляе ў сферу брытанскіх інтарэсаў і ў 1887 астравы становяцца брытанскім пратэктаратам. У 1965 годзе Мальдывы становяцца незалежнай дзяржавай, яшчэ праз тры гады — прэзідэнцкай рэспублікай. Апошнія дэкады ХХ стагоддзя адзначаны палітычнай нестабільнасцю, спробамі дэмакратычных рэформаў; у пачатку ХХІ ст да праблемаў дзяржавы дадаецца пагроза затаплення тэрыторыі ў выніку змянення клімату.

Дзяржаўны лад і палітыка

Асноўны артыкул: Дзяржаўны лад і палітыка Мальдываў Мальдывы — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканадаўчая ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу грамадзян (меджлісу), які складаецца з 48 членаў (40 выбіраюцца на ўсеагульных выбарах і 8 назначаюцца прэзідэнтам). Выканаўчая ўлада ажыццяўляецца з дапамогай кабінета міністраў, які падсправаздачны меджлісу.

Адміністрацыйны падзел

Асноўны артыкул: Адміністрацыйны падзел Мальдываў Мальдыўская Рэспубліка – унітарная дзяржава. Падзяляецца на 8 рэгіёнаў, рэгіёны падзяляюцца на 19 атолаў і асаблівыя адміністрацыйныя адзінкі – сталіцу Мале і г. Аду.

Беларуска-мальдыўскія адносіны

Дыпламатычныя адносіны з Рэспублікай Беларусь усталяваны ў снежні 1993.

Насельніцтва

Панарама Мале

Перапіс 20 верасня 2014 года зафіксаваў на Мальдывах 402 071 жыхароў, у тым ліку 338 434 грамадзян і 63 637 неграмадзян. Міграцыйны адток насельніцтва (-13 чалавек на 1000) перавышае станоўчы натуральны прырост (12 на 1000)[4].

Афіцыйная мова — дывехі, індаарыйскіх мова, блізкая да сінгальскай, з запазычаннямі з арабскай і англійскай моваў. Пісьменнасць заснавана на араба-персідскай графіцы. Частка насельніцтва валодае арабскай і англійскай мовамі. Рэлігія — іслам, на кожным населеным востраве ёсць мячэць.

Шчыльнасць насельніцтва — 1300 чал/кв.км — адна з найвышэйшых у свеце. Адзіны вялікі горад і порт — Мале.

Эканоміка

Мальдыўскі човен

Сусветны банк адносіць Мальдывы да эканомік з прыбыткам вышэйшым за сярэдні (upper middle income). Большасці мальдыўцам працу дае акіян: аснову эканомікі дагэтуль складаюць рыбалоўства і перапрацоўка рыбы. Імкліва развіваецца турысцкі сектар (каля 28 % ВУП). Турысты ахвотна набываюць туземныя рамесныя вырабы. Папулярныя і ракушкі кауры.

У сельскай гаспадарцы пераважаюць шматгадовыя пладовыя культуры: какосавая пальма і хлебнае дрэва.

Асноўныя транспартныя сродкі — парусныя і маторныя лодкі. Большая частка перавозак ажыццяўляецца гідрасамалётамі і катэрамі. Кожны востраў можна перасекчы пехатою менш чым за 2 гадзіны.

Нацыянальная кухня

У складзе любой мальдыўскай стравы вы абавязкова знойдзеце або рыс, або какосавыя арэхі, або рыбу.

Літаратура

Зноскі

  1. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/mv.html Архівавана 11 красавіка 2020.
  2. https://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2018/01/weodata/weorept.aspx?sy=2016&ey=2020&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&pr1.x=35&pr1.y=9&c=556&s=NGDP_RPCH%2CNGDPD%2CPPPGDP%2CNGDPDPC%2CPPPPC&grp=0&a=
  3. http://thecommonwealth.org/media/news/secretary-general-statement-maldives-decision-leave-commonwealth
  4. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/mv.html Архівавана 11 красавіка 2020.
Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Унітарныя дзяржавы
Катэгорыя·Дзяржавы паводле алфавіта
Катэгорыя·Мальдывы
Катэгорыя·Астраўныя дзяржавы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з модулем Hatnote з чырвонай спасылкай