У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Пятруль.
Максім Міхайлавіч Пятруль (16 снежня 1977, Мінск) — беларускі скульптар, дызайнер.
1989—1993 — Рэспубліканскі ліцэй выяўленчага мастацтва імя І. В. Ахрэмчыка, выкладчыкі Л. М. Паўлава, Л. Р. Давідзенка.
1993—1997 — Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава, аддзяленне скульптуры, выкладчык — Уладзімір Жбанаў.
2010—2015 — Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, факультэт Тэорыі і практык сучаснага мастацтва.
Член Беларускага саюза дызайнераў (2004), член Беларускага саюза мастакоў (2005).
З’яўляецца мастаком сучаснага светапогляду, для якога творчае пераасэнсаванне і спазнанне свету — правакацыйная гульня, дыялог з гледачом. Выкарыстоўваючы выразныя алегарычныя прыёмы, скульптар ператварае мастацкі працэс у стварэнне і распрацоўку прынцыпова новага пластычнага аб’екта, новай формы. Аўтар імкнецца да семантычнай кадзіроўкі твораў, што выяўляецца ў неардынарных рашэннях.
Прынцыпы канцэптуальнага мастацтва ў творчасці мастака трансфармуюцца ў пэўную скульптурную форму, якая нібы існуе паралельна рэальнасці. Па сутнасці, яго творы – гэта ўвасабленне паняццяў і катэгорый, якія для гледача — сэнсавы рэбус, загадка. Творы скульптара ўспрымаюцца і як фармальны знак, і як сюррэалістычны аб’ект, і як мастацкі сімвал.
З 1997 з’яўляецца актыўным удзельнікам рэспубліканскіх і міжнародных мастацкіх выставак, конкурсаў, сімпозіумаў, стварае візуальнае мастацтва для грамадскіх прастор, выступае з дакладамі на канферэнцыях і ў вышэйшых навучальных установах. Яго працы незвычайныя як па форме, так і па змесце, маюць асаблівы філасофскі сэнс і незвычайную метафарычнасць. Таксама актыўна ўдзельнічае ў развіцці міжнародных культурных адносін з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Яго скульптурныя творы ўсталяваны ў кітайскіх гарадах Фучжоу, Куньмін, Чанчунь[3].
Максім Пятруль з’яўляецца аўтарам твораў візуальнага мастацтва, інтэграваных у грамадскую прастору станцый мінскага метрапалітэна Грушаўкі і Малінаўкі, спраектаваных архітэктарам Уладзімірам Целяпнёвым. На гэтых станцыя ажыццяўляецца ўкараненне твораў мастацтва М. Петруля, а самі станцыі набываюць экспазіцыйную функцыю, становячыся выставачнымі пляцоўкамі, альтэрнатыўнымі традыцыйным выставачным прасторам — музеям, галерэям і арт-цэнтрам. Асноўнай задачай твораў з’яўляецца не столькі дэкаратыўная функцыя, колькі рэпрэзентатыўная — прадстаўленне саміх сябе ў якасці завершаных мастацкіх твораў «візуальнага мастацтва для грамадскіх прастор» [4].
З’яўляецца лаўрэатам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь маладым дзеячам культуры і мастацтва, мае медаль Камісіі па культуры Міжнароднага алімпійскага камітэта (XXIX Алімпійскія гульні, Пекін, Кітай), медаль і дыплом першай ступені Беларускага саюза архітэктараў (Міжнародны конкурс маладых архітэктараў «Леанарда-2005»). За стварэнне мемарыяла — помніка ахвярам Мінскага гета (архітэктар Леанід Левін) па вуліцы Сухой у Мінску атрымаў медаль і дыплом Першай ступені XIV Нацыянальнага конкурсу архітэктуры ў намінацыі «Манументальная скульптура ў гарадскім асяроддзі».
Творы аўтара знаходзяцца ў прыватнай калекцыі Райнольда Вюрта Кунцельзау ў Германіі, Музеі алімпійскага мастацтва ў Пекіне, у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музее сучаснага выяўленчага мастацтва, у музеях, галерэях, прыватных калекцыях і грамадскіх прасторах Беларусі, Расіі, Літвы, Нідэрландаў, Германіі, Кітая і ЗША[5].
Максім Міхайлавіч Пятруль на Вікісховішчы |