Артыкулу не хапае спасылак на крыніцы. Звесткі мусяць быць правяральнымі або іх могуць выдаліць. Вы можаце адрэдагаваць артыкул, дадаўшы спасылкі на аўтарытэтныя крыніцы. |
Лілія Ціханаўна Выгонная (3 верасня 1942 — 15 снежня 2001) — вядомая беларуская лінгвістка, доктар філалагічных навук, фанетыстка, мовазнаўца. Галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Усе сваё самастойнае жыццё Л. Выгонная прысвяціла выключна важнай і актуальнай агульнаграмадскай праблеме — вывучэнню фанетычнага ладу беларускай мовы і папулярызацыі навуковых даследаванняў.
Нарадзілася ў сям’і ваеннаслужачага. У 1949 г. пайшла ў першы клас Балбасаўскай сярэдняй школы Аршанскага раёна. Пасля заканчэння школы ў 1959 г. паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Згодна з тагачаснай традыцыяй, заняткі на першым курсе аддзялення рускай мовы і літаратуры сумяшчала з працай бібліятэкара Дома афіцэраў. На працягу ўсіх гадоў вучобы была старастай навуковага гуртка, выступала з паведамленнямі і дакладамі на студэнцкіх навуковых канферэнцыях у Мінску і Харкаве. Менавіта тады ў Л. Выгоннай сфарміравалася цікавасць да разнастайных пытанняў тэарэтычнага мовазнаўства. У час летніх канікулаў выязджала ў дыялекталагічныя экспедыцыі разам з навукоўцамі БДУ і Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР.
3 восені 1964 г. Лілія Выгонная залічана на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка сектара агульнага і славянскага мовазнаўства Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Пачалася самастойная навуковая праца. У 1969 г. паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю па дыялектнай лексікалогіі, у якой на падставе сабранага вялікага фактычнага матэрыялу ўпершыню ў беларусістыцы пераканальна абгрунтавала падзел Палесся на тры асобныя зоны, а таксама паказала сувязі палескай земляробчай лексікі з адпаведнымі найменнямі ў іншых славянскіх мовах . Асноўныя вынікі даследавання пазней былі апублікаваны ў калектыўнай манаграфіі «Лексіка Палесся ў прасторы і часе» (1971 г.). Гэтая праца засведчыла вялікі навукова-творчы патэнцыял аўтара, яе несумненныя здольнасці і навуковы талент. Доктарская дысертацыя па беларускай фаналогіі (1992)
Амаль паўтары сотні разнастайных навуковых публікацый у галіне фанетыкі і лексікалогіі беларускай мовы, надрукаваныя Ліліяй Выгоннай, сталі важкім укладам і каштоўным здабыткам усёй нацыянальнай лінгвістыкі.
Шмат гадоў даследчыца ўваходзіла ў склад Міжнароднай рабочай групы Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа (АЛА). Тут Лілія Выгонная сцвердзілася як таленавіты вучоны, высокапрафесійны спецыяліст у сваёй галіне, тактоўны калeгa і выдатны таварыш. Праца ў АЛА не толькі спрыяла яе навуковаму росту, але і садзейнічала ўмацаванню ў гэтай міжнароднай арганізацыі аўтарытэту беларускай фанетычнай школы, пашырэнню ў замежнай лінгвістычнай навуцы ідэй, прынцыпаў і падыходаў нашых мовазнаўцаў. Выступленні даследчыцы ў дыскусіях па самых розных складаных пытаннях заўсёды вылучаліся грунтоўнасцю, аргументаванасцю, шырынёй навуковага кругагляду, нестандартнасцю мыслення, выключнай павагай да апанентаў і калег. Былі яшчэ шматлікія артыкулы ў самых розных выданнях, у тым ліку і ў часопісе «Роднае слова».