wd wp Пошук:

Лявон Павел Валадковіч

.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst a,.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst span.iw{display:inline-block}.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst a::first-letter,.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst span.iw::first-letter{text-transform:capitalize}

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Валадковіч. Лявон Павел Валадковіч (канец XVII стагоддзя — 1750-я гг.) — дзяржаўны дзеяч.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і менскага стольніка Дамініка Валадковіча і Тэрэзы з Янішэўскіх, пісараўны гродскай менскай. Дата нараджэння не ўстаноўлена, але ёсць падставы лічыць, што ён нарадзіўся да пачатку XVIII стагоддзя, бо ў каралеўскім прывілеі ад 23 чэрвеня 1716 года на абознага менскага, выданым пасля смерці былога абознага Даніеля Філіповіча, гаварылася, што ўрад надаецца Лявону Паўлу Валадковічу і за ўдзел у некаторых ваенных экспедыцыях. Найбольш верагодным з’яўляецца яго ўдзел у Паўночнай вайне са шведамі.

Акрамя Лявона Паўла ў бацькоў нарадзілася яшчэ шмат дзяцей. Шэсць сыноў дасягнулі сталасці: Ян Станіслаў, крайчы менскі, Феліцыян Піліп, першасвятар уніяцкай царквы Рэчы Паспалітай, сам Лявон Павел, Антоні Лявон на 1732 г. — ксёндз у Новагародскім кляштары дамініканаў, Станіслаў Пётр на 1731 г. — прыёр менскі і вікарый Беларускіх правінцый ВКЛ. У 1731 г. рыхтаваўся да ўступлення ў адзін з кляштараў і самы малодшы брат Марцін, але нечаканая смерць старэйшага брата Яна Станіслава, крайчага менскага, прымусіла яго адмовіцца ад прыняцца духоўнага сану і вярнуцца да свецкага жыцця. А таксама тры дачкі: Тэафілія, у свеце Францыска, на працягу значнага часу ў XVIII ст. займала пасаду старэйшай Менскага жаночага францысканскага кляштара, Марцыяна, якая ўзяла шлюб з Станіславам Ратамскім і Ганна, якая пашлюбіла Антонія Крукоўскага, падчашага аршанскага.

Лявон Павел Валадковіч, абозны менскі, прымаў актыўны ўдзел у палітычным жыцці павета. На грамнічным (лютаўскім) сойміку менскай павятовай шляхты 1721 г. Лявон Валадковіч абіраецца дэпутатам (суддзёй) Галоўнага Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага, вышэйшай судовай установы краіны, на 1721—1722 гг.

У лютым 1734 г., пасля смерці былога харужага і палкоўніка павятовага шляхецкага апалчэння Яна Ежы Завішы, Лявона Паўла Валадковіча на ваяводскім (павятовым) сойміку абіраюць на пасаду палкоўніка Менскага ваяводства (кіраўніком менскага павятовага шляхецкага апалчэння). Па сканчэнні абрадаў сойміка новы палкоўнік прынёс прысягу і выступіў з палымянай прамовай, у якой абяцаў мужна абараняць Айчыну і шляхецкія вольнасці.

Пасля смерці 11 жніўня 1731 года бацькі Дамініка Валадковіча, стольніка менскага, і праз паўгады — смерці старэйшага брата Яна Станіслава, які мог прэтэндаваць на ўрад, Лявон Павел прыклаў значныя высілкі, каб захаваць за сабой ганаровы бацькоўскі тытул стольніка. Ён адмаўляецца дабравольна ад тытула абознага і, нарэшце, атрымлівае прывілей на вакантны ўрад стольніка менскага, падпісаны 30 лістапада 1731 г. каралём і вялікім князем Аўгустам II. Пасля смерці ў сярэдзіне 1748 г. Уладзіслава Ваньковіча, былога войскага менскага, Валадковіч адмаўляецца на карысць Стэфана Быкоўскага ад урада стольніка менскага. Ён дабіваецца каралеўскага прывілея, падпісанага 28 лістапада 1748 г., на атрыманне больш высокага ўрада войскага менскага.

Лявон Павел Валадковіч неаднаразова выбіраўся дэпутатам соймаў Рэчы Паспалітай. На ваяводскім сойміку, які адбыўся 9 жніўня 1732 г., яго выбралі паслом на экстраардынарыйны сойм Рэчы Паспалітай. На нечарговым павятовым сойміку 12 лютага 1733 г. ён атрымаў дэпутатства на элекцыйны сойм, на якім выбіралі караля Аўгуста ІІІ. 26 чэрвеня 1750 г. выбраны паслом на экстраардынарыйны сойм Рэчы Паспалітай.

Пасля шлюбу з Канстанцыяй з Цеханавецкіх акрамя добрага пасагу ад бацькоў жонкі, атрымаў значныя матэрыяльныя і грашовыя наданні ад сваіх бацькоў. Гэта дало яму магчымасць заняцца ліхвярствам. Так, 25 лютага 1728 г. Лявон Павел з жонкай Канстанцыяй пазычылі Аляксандру Юзафовічу Хлябіцкаму, старасту судоваму аршанскаму, і яго жонцы Дамініцы з Масальскіх вельмі вялікую на той час суму грошай — 6000 бітых талераў, «не бракаваных, галандэрскіх». Пазыка была забяспечана прадстаўленнем у карыстанне Валадковічаў Лушкавіцкага маёнтка, аддзеленага ад Бешанковіцкай маетнасці ў Віцебскім ваяводстве.

Верагодна яго адносіны з жончынай раднёй складваліся нялепшым чынам. У судовых матэрыялах Менскага павета, складзеных у 1720-х гг., захавалася нямала сведчанняў аб іх нязгодах. Найбольш верагодна, што радня жонкі неахвотна ішла на выкананне ўмоў шлюбнага кантракта і маладыя не маглі своечасова і поўнасцю атрымаць жончын пасаг. Судовая справа з-за Бачэйкава ў Полацкім павеце прывяла да таго, што Фелікс Нікадэм Цеханавецкі, харужы браслаўскі, стараста апескі, у студзені 1726 г. загадаў сваім слугам перахапіць Валадковіча ў дарозе і збіць яго разам з слугамі і памочнікамі. Судовыя справы Лявона і Канстанцыі з Цеханавецкіх Валадковічаў з раднёй жонкі мелі працяг і ў студзені 1737 г. У гэтым годзе ў Менскім гродскім судзе разглядалася справа, якую ўзбудзілі Валадковічы супраць Феліцыяны з Друцкіх-Падбярэзскіх, маці Канстанцыі. Праз два месяцы, менавіта 5 красавіка 1737 г., у Менскім гродскім судзе разглядалася справа, якую супраць стольніка менскага на гэты раз узбудзілі Марцін і Антоні Цеханавецкія.

Напэўна, Лявону Паўлу Валадковічу не заўсёды хапала сваіх і бацькоўскіх грошай для атрымання ў сваю ўласнасць прывабных кавалкаў зямлі. Яму прыходзілася самому неаднойчы ісці і пазычаць неабходныя сумы грошай. Ён не заўсёды своечасова разлічваўся з пазыкамі. У 1729 г. за несвоечасовае вяртанне пазычаных некалі грошай па дэкрэту Галоўнага Трыбунала ВКЛ на яго была ўскладзена баніцыя, а ў яго маетнасці накіравалі скарбовых дваран для спагнання і самой пазыкі, і судовых накладаў. Выратавала становішча атрыманне Валадковічам каралеўскага глейта(укр.) бел., што даваў шасцімесячную адтэрміноўку ад спагнання пазыкі і працэнтаў за час карыстання ёю.

Другі шлюб з Францішкай з Дэ Раесаў быў нядоўгі. Здароўе войскага менскага было падарвана цяжкай хваробай, і войскі менскі памёр хутчэй за ўсё ў пачатку 1750-х гадоў, бо 22 снежня 1752 г. урад войскага менскага каралеўскім прывілеем быў нададзены Міхалу Жыжэмскаму, былому падстолію менскаму.

Францішка з Дэ Раесаў памерла ў 1764 г., пакінуўшы на апекуноў яшчэ непаўналетніх дзяцей. Дзякуючы таму, што апекунамі былі прызначаны такія ўплывовыя асобы, як браты бацькі Феліцыян Піліп Валадковіч, мітрапаліт усяе Русі, Марцін Валадковіч, гараднічы менскі, і родны брат маці Юзаф Дэ Раес, суддзя земскі троцкі, нашчадкам Лявона Паўла пашанцавала захаваць усе спадчынныя землі. Адразу па смерці бацькі і маці на спадчыну па памёршых прад’явілі патрабаванні пазыкадаўцы: Хмары, Кастравіцкія і Жыжэмскія, якія патрабавалі вярнуць пазыкі, некалі атрыманыя, ды так і нявернутыя памёршымі бацькамі.

Сям’я

Лявон Павел Валадковіч двойчы браў шлюб: першай яго жонкай была Канстанцыя з Цеханавецкіх, старасцянка апеская, дачка Канстанціна Гіпаліта Цеханавецкага, старасты апескага, і Феліцыяны з Друцкіх-Падбярэзскіх.

Ад першай жонкі засталося чацвёра дзяцей:

Канстанцыя з Цеханавецкіх памерла ў канцы 1744 г. Адчуўшы сябе моцна хворай запісала мужу ўсе свае землі і наяўныя грошы. Пасля смерці жонкі Валадковіч 13 снежня гэтага ж года «прыняў усіх падданых сваёй жонкі» ў сваё валоданне.

У другі раз узяў шлюб з Францішкай з Дэ Раесаў, дачкой Казіміра, скарбніка менскага, і Феліцыяны з Эйсмантаў. Крыху раней, у пачатку 30-х гадоў XVIII ст., з яе сястрой Ганнай узяў шлюб Марцін Валадковіч, малодшы брат Лявона Паўла. Ад другой жонкі засталося трое дзяцей:

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў XVII стагоддзі
Катэгорыя·Абозныя менскія
Катэгорыя·Стольнікі менскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Валадковічы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Памерлі ў 1750-я гады
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з украінскай
Катэгорыя·Войскія менскія