wd wp Пошук:

Лыскаўскі замак

Лы́скаўскі за́мак — былы каралеўскі замак XVXVIII стст. ля вёскі Лыскава Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Рэшткі замку — помнік абарончага дойлідства, ахоўваецца дзяржавай.

Паводле праграмы «Замкі Беларусі» запланаванае добраўпарадкаванне замку, на гэтыя мэты выдзеленыя 15 мільёнаў рублёў[1].

Апісанне

Знаходзіцца за 0,5 км ад вёскі ва ўрочышчы Гарадзішча, ля дарогі на Масевічы. Захаваліся толькі рэшткі былых умацаванняў.

Замак знаходзіўся на правым беразе рэчкі Мухі (Шчыбы). Замчышча квадратнае ў плане, памерам 68х68 м. Па перыметры размешчаныя насыпныя валы. Заходні вал захаваўся параўнальна няблага да цяперашняга часу, мае шырыню 10 м, на вяршыні — пляцоўка шырынёй каля 2 м. Пасярэдзіне яе размяшчаўся праезд у замак. Захаваўся таксама паўднёвы вал і фрагменты ўсходняга. На кутах замчышча стаялі вежыкруглікі» дыяметрам 8 м (не захаваліся).

Вакол замку праходзіў роў, за якім быў узведзены наступны вал вышынёй 1-1,5 м і шырынёй да 4 м (захаваліся з заходняга і паўднёвага бакоў). На адлегласці 90 метраў ад замчышча размяшчаўся трэці, дугападобны вал і роў, што акружалі замак з поўначы, захаду і поўдня. Унутры валу размяшчаўся праезд, ля якога захавалася вежавае ўзвышэнне. На ўсходзе ўмацаванне замыкалася забалочанымі берагамі ракі.

Адным з першых даследаваў замак у XIX стагоддзі вядомы расійскі археолаг Ф. В. Пакроўскі(літ.) бел., у 1970-х — М. А. Ткачоў. Падчас раскопак выяўлены культурны пласт таўшчынёй 40 см, у якім знойдзеныя дробныя фрагменты паліванай кафлі, кераміка XV—XVII стагоддзяў, кавалкі баразнянае цэглы з вапнай і глінянай абмазкай, іншыя прадметы. Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН Беларусі.

Гісторыя

Турыстычны знак вельмі лёгка прамінуць, едучы аўтамабілем

У XVI стагоддзі Лыскава з’яўлялася вялікакняжацкім сталовым уладаннем і ўваходзіла ў Ваўкавыскі павет Навагрудскага ваяводства. Мяркуюць, што замак у той час мог належаць вялікай княгіні літоўскай і каралеве польскай Боне Сфорцы[2].

Замак амаль цалкам быў зруйнаваны ў Паўночную вайну 1700—1721 гадоў У XIX стагоддзі фалькларыст М. Федароўскі запісаў мясцовую легенду, паводле якой замкам валодала пані Беня (Бона). Пад час вайны між палякамі і рускімі палац быў разбураны, а Беня, ледзьве ўратаваўшыся, пракляла тых, хто ваяваў, і месца, на якім стаяў палац, што прынёс ёй гора. З той пары, па сцвярджэнні мясцовых жыхароў, па начох на палацавых валах былі чутныя енкі і плач, а часам і агонь, які згасаў з набліжэннем чалавека[2].

У 1706 годзе ля замку вяліся баявыя дзеянні, пра што таксама захавалася мясцовае паданне, запісанае Міхалам Федароўскім. Пасля бойкі, калі мясцовыя жыхары хавалі забітых, двое з іх заўважылі на трупе аднаго з салдат дарагі пярсцёнак і захацелі яго ўзяць. Не здолеўшы зняць пярсцёнак з рукі, папросту адсеклі палец. Доўгі час пасля гэтага ў вёску прыходзіў прывід бяспалага ваяра і трывожыў людзей, пакуль тыя не паклалі косткі яго пальца ў магілу[2].

Паводле некаторых меркаванняў, менавіта ў Лыскаўскім замку быў створаны выдатны помнік летапісання «Хроніка Быхаўца»[2].

Зноскі

  1. Юрий Рубашевский, Антонина Хокимова, Николай Синкевич, Елена Жук. Где не ступала нога туриста? // Вечерний Брест. — 18 ліпеня 2012.
  2. 1 2 3 4 Валы былога каралеўскага замка(нявызн.). Праверана 6 лютага 2012.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Замкі Беларусі
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum
Катэгорыя·Абарончыя храмы
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Лыскава (Пружанскі раён)
Катэгорыя·Замкі Вялікага Княства Літоўскага