Леапольд Карл Вальтэр граф фон Калькройт (ням.: Leopold Karl Walter Graf von Kalckreuth, 15 мая 1855, Дзюсельдорф — 1 снежня 1928, Зеветаль каля Гамбурга) — нямецкі жывапісец і графік рэалістычнага напрамку, педагог.
Леапольд фон Калькройт быў сынам мастака Станіслауса фон Калькройта. Пасля заканчэння школы ў Кейльхау ў 1866 годзе вучыўся пад кіраўніцтвам бацькі ў Мастацкай школе Веймара. У 1878 годзе з’ехаў у Мюнхен, дзе пазнаёміўся з мастаком Францам фон Ленбахам. З 1885 года ў Веймары выкладаў жывапіс у Мастацкай школе вялікага герцага Саксонскага.
У 1895 годзе пераехаў у Карлсруэ, дзе выкладаў у Дзяржаўнай акадэміі выяўленчых мастацтваў. У 1899 годзе быў вымушаны пакінуць гэтую акадэмію з прычыны складаных прафесійных адносін, якія склаліся паміж яе членамі. З 1900 года жыў і працаваў у Штутгарце. Прыехаўшы па запрашэнні караля Вюртэмберга Вільгельма II, фон Калькройт, сумесна з шасцю іншымі мастакамі, у 1898 годзе стварыў Аб’яднанне мастакоў Штутгарта, найстарэйшы і захаваны да нашых дзён саюз мастакоў у Германіі.
З 1906 года жыў у Гамбургу. У 1908 годзе стаў адным з заснавальнікаў Аб’яднання мастакоў Сілезіі ў Брэслау. У 1926 годзе ўзнагароджаны ордэнам Pour le Mérite.
Леапольд фон Калькройт аддаваў перавагу займацца партрэтным і жанравым жывапісам, пісаў таксама пейзажы. Ён адносіцца да той групы мастакоў, творчасць якіх вызначала напрамак развіцця нямецкага жывапісу ў другой палове XIX стагоддзя (Ханс Тома, Макс Ліберман, Вільгельм Лейбль і інш.).