Леапо́льд Ску́льскі (польск.: Leopold Skulski; 15 лістапада 1877 — 1939 (1940?)) — польскі хімік, палітычны дзеяч, прэм’ер-міністр.
Нарадзіўся ў Замосці. У 1906 годзе скончыў Палітэхніку ў Карлсруэ. Пасля жыў у Лодзі. Член польскага Таварыства гімнастычнага «Сокал». У 1915 годзе заснаваў у Лодзі Народнае Аб’яднанне, якое было блізка эндэцыі. Пад час выбараў самакіравання здабыў мандат дэпутата гораду Лодзі. У 1919 годзе здабыў пасольскі мандат. З 13 снежня 1919 да 9 чэрвеня 1920 года — прэм’ер-міністр Польшчы. З 24 ліпеня 1920 да 28 чэрвеня 1921 года — міністр унутраных спраў ва ўрадзе Вінцэнты Вітаса. Падтрымліваў апалячванне Крэсаў і распаўсюджванне асадніцтва. Заяўляў, што праз 50 гадоў у Польшчы не знойдзе ніводнага беларуса нават са свечкаю. У 1930-х гадах не браў удзел у палітычным жыцці. Быў старшынёй Польскага Радыё да 1936 года. Калі выбухнула Другая сусветная вайна з’ехаў у Пінск, дзе быў арыштаваны НКВД пасля, таго як прыйшла Чырвоная Армія. Перавезены ў Брэст, дзе па чутках памёр ці быў забіты.