wd wp Пошук:

Лань у Беларусі

Лань у Мінскім заапарку

Лань для Беларусі — від сысуноў, які не з’яўляецца абарыгенным для гэтай тэрыторыі, але на працягу стагоддзяў некалькі разоў больш-менш паспяхова інтрадукаваўся і вольна жыў у гэтай мясцовасці. У XXI стагоддзі ў чарговы раз прыкладаюцца намаганні для аднаўлення вольнай папуляцыі лані і мяркуецца, што магчыма рэінтрадукцыя гэтага віду ў беларускія лясы[1].

Гістарычныя звесткі

Лані ў Мінскім заапарку

У XVI стагоддзі лань была акліматызаваная ў беларускіх лясах. Мяркуюць, што яшчэ ў пачатку XVIII стагоддзя была ў беларускіх лясах[2]. Неаднаразова завозілі ў Белавежскую пушчу ў 2-й палове XIX стагоддзя, разводзілі як аб’ект для палявання каранаваных асоб. У 1914 годзе ў пушчы было каля 1,5 тысяч ланяў[2]. У Першую Сусветную вайну поўнасцю знішчана. У 1932 годзе 8 асобін былі завезены ў Налібоцкую пушчу з Германіі, размножыліся, але за час Вялікай Айчыннай вайны пагалоўе рэзка скарацілася, а пасля скасавання Вялаўскага запаведніка ланяў не стала[2]. У 1963 5 жывёлін завезлі ў Белавежскую пушчу з Польшчы. У наступныя гады ланяў у белавежскіх лясах не выяўлена[2]. Наступныя спробы рэакліматызацыі лані былі няўдалыя[1].

Сучасная папуляцыя

У цяперашні час прадпрынятая яшчэ адна спроба для рэакліматызацыі лані на тэрыторыі Беларусі — завезеныя лані ў Белавежскую пушчу, некаторыя лясгасы, заасад[1].

У 2013 годзе з падтрымкай спецыялістаў навукова-практычнага цэнтра па паляўніцтвазнаўстве «Чырвоны Бор» пачалі спробы па рэакліматызацыі лані ў Беларусі. На самай поўначы Беларусі ў лес выпусцілі 300 жывёл, у тым ліку 64 самца, 165 самак і 71 сяголетак[3]. Ланяў купілі ў Літве. Дзесяць месяцаў яны правялі ў карантыне, адаптаваліся і нават далі прыплод. Выпуск жывёл у дзікую прыроду стаў сапраўднай падзеяй[4]. Яны разбрыліся па лясах Расонскага і Верхнядзвінскага раёнаў[3].

Прыкладна з 2015 года існуе таксама папуляцыя ланяў у Слуцкім раёне. На 2019 год 14 асобін утрымліваліся ў вальеры Слуцкага лясгаса, але ў планах стварыць папуляцыю на вольным выгуле[5].

Дынаміка агульнай колькасці

Дынаміка здабычы

Утрыманне ў няволі

Лані ў Мінскім заапарку

У Беларусі лані ўтрымліваюцца ў Акцябрскім[6], Мінскім, Гродзенскім і Віцебскім заапарках і ў Магілёўскім заасадзе.

Біялогія

Сілкуецца лань летам травяністай расліннасцю (метлюжковыя, парасонавыя, бабовыя) і лісцем хмызнякоў. Зімой есць парасткі і кару драўняна-хмызняковай расліннасці (хвоя, елка, ядловец, клён, рабіна, асіна, вярба, брызгліна, дуб і інш.)[1]. Могуць есці жалуды, грыбы, ягады. Узімку лань добра есць падкормку — сена і венікі з лісцяных парод. У перыяд росту рогаў інтэнсіўна наведваюць саланцы. Раслінамі-індыкатарамі голаду выступаюць бяроза, вольха шэрая і чорная, бружмель. Пасуцца ў асноўным раніцай і ўвечары. Летам рэгулярна наведваюць вадапоі[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 Лань европейская Cervus dama (руск.)
  2. 1 2 3 4 С. В. Шостак. Лань // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. Катэнарыя — Недайка / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ ім. Петруся Броўкі, 1984. — 588 с., іл. — 10 000 экз.
  3. 1 2 В белорусских лесах появилась лань (руск.)
  4. В Беларуси создали первую вольноживущую популяцию лани европейской (руск.)
  5. В Слуцком районе «поселилась» европейская лань (руск.)
  6. Государственное учреждение «Октябрьский зоопарк» (руск.)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Сысуны Беларусі
Катэгорыя·Алені
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак