Крыштаф Стэфан Сапега (1590 — 9 красавіка 1627, Дубраўляны) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч. Вялікі пісар літоўскі (з 1621).
Разам са стрыечным братам Янам Станіславам вучыўся ў 1603—1605 гадах у езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу (Браневе). Пасля вучыўся ў Вюрцбургу, Франкфурце, Парыжы.
Удзельнічаў у баях за Смаленск у час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—1618. Быў паслом на соймы 1613 і 1616, а ў 1617 стаў маршалкам Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. У 1614 атрымаў лідскае староства, у 1621 — мсціслаўскае. Таксама з 1621 быў вялікім літоўскім пісарам.
Паходзіў з чарэйскай лініі магнацкага роду Сапегаў, сын Рыгора і Соф’і Стравінскай, пляменнік вялікага літоўскага канцлера Льва Сапегі. Меў брата Аляксандра.
Ажаніўся у 1619 годзе з Ганнай Галоўчынскай (памерла ў 1643), дачкой мсціслаўскага ваяводы Аляксандра Галоўчынскага. Меў сына Мікалая Крыштафа, польнага літоўскага пісара.