Ка́тча — возера ў Гомельскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі ў басейне ракі Сож, за 26 км у напрамку на поўдзень ад Гомеля, прыкладна за 2,8 км на паўночны захад ад вёскі Студзёная Гута, за 2 км на захад ад аўтамабільнай дарогі М8 (E95).
Плошча паверхні возера 0,14 км². Даўжыня каля 1,5 км, найбольшая шырыня 0,1 км. Даўжыня берагавой лініі 3,05 км.
Возера старычнае і знаходзіцца на пойме Сажа. Катлавіна выгнутая ў форме дугі. Схілы катлавіны вышынёй да 5 м, спадзістыя. Берагавая лінія слабазвілістая. У паўднёвай частцы пратокамі Катча злучаецца з ракой Сож і возерам Асушное.
У возеры водзяцца шчупак звычайны, акунь, лешч, плотка, краснапёрка, лінь і іншыя віды рыб.