wd wp Пошук:

Кася Вітальеўна Будзько

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Будзько. Кася Вітальеўна Будзько (нар. 25 мая 2001) — беларуская мастачка і актывістка, прыхільніца «Задзіночання беларускіх студэнтаў», студэнтка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту. Палітычная зняволеная, абвінавачаная падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Біяграфія

Кася Будзько нарадзілася ў Гродна. Як мастачка ўдзельнічала ў выставах і моладзевых творчых праектах у Гродна: «Выстава ў падваротні», калі ўдзельнікі павесілі свае працы ў арцы на Савецкай вуліцы; «Галерэя аднаго дня» (удзельнікі зладзілі кароткатэрміновую выставу ў пустой кватэры ў цэнтры Гродна) і іншых. Пасля школы спачатку вучылася на факультэце дызайна ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я.Купалы, але ўжо пасля першага курсу перавялася на факультэт эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ў Мінску, на момант затрымання была студэнткай 3-га курсу (таксама на гэтым факультэце навучалася сяброўка Касі, Яна Арабейка, іншая асуджаная па справе студэнтаў). Падчас навучання стварала макеты для паштовак ў межах «Майстэрні паштовак Салідарнасці».

Вегетарыянка, феміністка, ва ўніверсітэце стварыла тэлеграм-канал «Клуб Феминизма БГПУ»[1].

Бацька Касі, Віталій Будзько, вядомы ў Гродна футбольны заўзятар.

Палітычны пераслед

Асноўны артыкул: Справа студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ Кася Будзько была арыштавана 12 лістапада 2020 у кватэры бабулі і дзядулі, дзе яна жыла ў Мінску. Супрацоўнікі выламалі дзверы, правялі ператрус у кватэры, забралі кампутар. Касю затрымалі года ў межах справы студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя альбо ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), пасля чаго была змяшчана пад варту ў СІЗА КДБ, затым 23 лістапада была пераведзена ў СІЗА на Валадарскага[2].

18 лістапада 2020 года сумеснай заявай пятнаццаці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, была прызнана палітычнай зняволенай[3][4]

14 снежня 2020 года шэфства (сімвалічнае хроснае бацькоўства) над палітвязнем узяла Маркета Грэгорова, дэпутатка Еўрапарламенту[5].

20 студзеня 2021 года сумеснай заявай чатырнаццаці ўкраінскіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Асацыяцыя ўкраінскіх манітораў захавання правоў чалавека ў дзейнасці праваахоўных органаў(укр.) бел., Украінскі Хельсінскі саюз па правах чалавека(укр.) бел., Харкаўская праваабарончая група(укр.) бел., Восток-SOS(укр.) бел., арышт Касі Будзько быў прызнаны незаконным і кваліфікаваны як гвалтоўнае знікненне(польск.) бел.[6][7].

З лістоў палітзняволенай Вольгі Залатар вядома, што некаторы час яна знаходзілася ў адной камеры СІЗА разам з Касяй Будзько, іх камера перахварэла на каранавірус амаль у поўным складзе. Вольга таксама даслала свой партрэт, які намалявала Кася. [8]. Іншыя партрэты і малюнкі Касі з СІЗА сябры збіралі ў створаным для гэтых мэтаў акаунце ў Instagram[9][10][11][12].

16 ліпеня 2021 года суд Савецкага раёна Мінска (суддзя — Марына Фёдарава, ужо ўнесеная ў Чорны спіс Еўрасаюза 17 снежня 2020 года за шматлікія палітычна матываваныя прысуды, пракуроры: Анастасія Маліка, Раман Чабатароў) прысудзіў Касі Будзько, якая заявіла, што не разумее сутнасці абвінавачвання, два з паловай гады пазбаўлення волі[13][14]. Паводле «Белсата», толькі блізкіх сваякоў пусцілі на абвяшчэнне прысуду праз «недахоп месцаў», а да будынка суда сцягнулі тры мікрааўтобусы з АМАПам і патрулі міліцыі*[14]*. У калідоры суда была чарга больш за 50 чалавек; таксама на абвяшчэнне прысуду прыехалі паслы Чэхіі, Швецыі, ЗША і Вялікабрытаніі, але і іх не пусцілі[14].

Разам з іншымі асуджанымі па гэтай справе дзяўчынамі была этапавана ў жаночую калонію ў Гомелі, дзе адбывае прызначаны ёй тэрмін[15].

Зноскі

  1. Бацька палітзняволенай гарадзенкі: Магчыма, мая дачка трапіла ў закладнікі (бел.)
  2. https://zbsunion.by/studpolitzek/budzko
  3. Белорусский хельсинский комитет. Заявление протеста против наступления на ЗБС(руск.) . Беларускі Хельсінкскі камітэт (18 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2021.
  4. Праваабарончы цэнтр «Вясна». Заява пратэсту супраць наступу на Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў (бел.) . Праваабарончы цэнтр «Вясна» (18 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 23 студзеня 2022.
  5. https://www.lphr.org/en/marketa-gregorova-the-greens-matern-von-marschall-cdu-and-carina-konrad-fdp-have-taken-over-a-godparenthood-for-political-prisoners-in-belarus/
  6. Заява правозахисних організацій щодо незаконно утримуваних білоруських студентів(укр.) . Асацыяцыя ўкраінскіх манітораў захавання правоў чалавека ў дзейнасці праваахоўных органаў(укр.) бел. (20 студзеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 30 кастрычніка 2021. Праверана 30 кастрычніка 2021.
  7. Правозахисники України закликають міжнародну спільноту захистити незаконно утримуване в Білорусі студентство(укр.) . Новинарня(укр.) бел. (20 студзеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 7 сакавіка 2021. Праверана 30 кастрычніка 2021.
  8. https://spring96.org/be/news/102701
  9. https://spring96.org/be/news/102942
  10. https://www.svaboda.org/a/31363342.html
  11. https://spring96.org/be/news/104748
  12. https://www.instagram.com/kajusizo/
  13. Неведомская, Татьяна. Родные обвиняемых по “делу студентов”: Приговор не удивляет(руск.) . Deutsche Welle (16 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 21 кастрычніка 2021. Праверана 30 кастрычніка 2021.
  14. 1 2 3 Вынесены прысуд па “справе студэнтаў”: 11 фігурантам — па два з паловай гады калоніі, аднаму — два гады (бел.) . Праваабарончы цэнтр «Вясна» (16 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 27 кастрычніка 2021. Праверана 30 кастрычніка 2021.
  15. https://belsat.eu/news/27-10-2021-usih-asudzhanyh-pa-sprave-studentau-etapavali-u-kalonii/

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Гродне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з украінскай
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 2001 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення праваабарончым цэнтрам «Вясна»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з польскай
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Палітвязні Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся 25 мая
Катэгорыя·Справа студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта