wd wp Пошук:

Карамаджонг

Карамаджо́нг, карымаджо́нг (саманазва Karimojong) — афрыканскі народ. Жывуць на паўночным усходзе Уганды. Агульная колькасць (2021 г.) — 849 000 чалавек[1].

Лічыцца, што продкі карамаджонг мігрыравалі на тэрыторыю сучаснай Уганды з паўднёвай Эфіопіі ў XVII ст. Яны занялі плато, пакрытае саваннай, з вышынямі ад 1120 м да 1360 м, якое ў нашы дні складае аснову так званай краіны Карамоджа. Вільготны сезон тут працягваецца з красавіка да лістапада, у астатні перыяд вельмі суха і ветрана.

Карамаджонг стала насяляюць месцы ў цэнтральнай частцы плато, дзе ёсць запасы вады. У сталых паселішчах узводзяць жылыя і гаспадарчыя пабудовы, вялікія адрыны, каля іх жанчыны займаюцца ручным земляробствам. Галоўная мясцовая культура — сорга, хаця таксама вырошчваюць бабовыя, гарбузы, кукурузу і г. д. Іншыя часткі Карамоджы выкарыстоўваюцца як пашы для адгоннай жывёлагадоўлі. Карамаджонг трымаюць авечак і коз, аднак асабліва шануюць кароў. Ялавічыну ядуць рэдка, пераважна ў рытуальных мэтах. Затое багата спажываюць малочныя прадукты і кроў жывёл, з каровіных скур робяць вопратку, з рагоў і костак — упрыгожванні. Карова — мясцовы сімвал дабрабыту, прадмет абмену і падарункаў, вызначальнік сацыяльнага статусу яе ўладальніка. Жывёлагадоўцы жывуць у часовых лагерах, у разгар сухога сезону пераганяюць жывёлу бліжэй да сталых паселішчаў.

Асноўная сацыяльная адзінка — вялікая пашыраная сям’я, што звычайна займае цэлае паселішча-ман’яту. Жаніцьбе папярэднічаюць падарункі ў выглядзе жывёлы сваякам нявесты. Акрамя таго, мужчына павінен перадаць частку сваёй жывёлы жонцы. Інакш ён лічыцца бацькам яе дзяцей, а не паўнавартасным мужам. Адлік сваяцтва адбываецца па мужчынскай лініі. Але гаспадаркай сям’і часцей распараджаюцца жанчыны. Асабісты статак жонкі перадаецца ў выглядзе спадчыны яе дзецям. Сярод карамаджонг распаўсюджана палігінія, калі адзін мужчына жэніцца некалькі разоў.

У адрозненні ад іншых народаў Уганды карамаджонг не ствараюць буйныя родавыя арганізацыі з вялікай уладай. Мясцовыя роды налічваюць 3 пакаленні і дысперсна раскіданы па Карамоджы. Болей важную ролю адыгрываюць тэрытарыяльныя абшчыны. Малыя абшчыны аб’ядноўваюць некалькі сем’яў, што карыстаюцца супольнымі крыніцамі вады. Буйныя абшчыны складаюцца з малых. Абшчыны ахоўваюць пэўныя тэрыторыі, арганізуюць святы і рытуалы, аказваюць дапамогу сваім людзям. Імі кіруюць старэйшыны. Кожны мужчына імкнецца заручыцца падтрымкай суседзей, таму ўступае ў сяброўскія і ўзроставыя саюзы. Сябры сумесна пераганяюць жывёлу, абменьваюцца падарункамі, аказваюць узаемадапамогу. Узроставыя саюзы фарміруюцца знутры тэрытарыяльных абшчын з хлопчыкаў, што разам удзельнічаюць у абрадзе абразання. Пазней маладыя мужчыны аднаго ўзросту ствараюць ваенныя атрады, ладзяць напады на суседнія народы з мэтай захопу жывёлы.

Ваенныя канфлікты ў Карамоджы адбываюцца і ў нашы дні, таму сюды рэдка наведваюцца іншаземцы, што спрыяе захаванню многіх традыцыйных звычаяў. Карамаджонг аддаюць перавагу яркай каляровай вопратцы, часам носяць традыцыйныя тогі з каровіных скур. Мужчыны і жанчыны апранаюць шмат упрыгожванняў. У нашы дні частка вернікаў спавядае хрысціянства, аднак захоўваюцца і традыцыйныя анімістычныя культы.

Зноскі

  1. Karamojong, Dodoth in Uganda

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Нілоты
Катэгорыя·Народы Уганды