Жан Агю́ст Даміні́к Энгр (фр.: Jean Auguste Dominique Ingres; 29 жніўня 1780, Мантабан — 14 студзеня 1867, Парыж) — французскі мастак, жывапісец і графік, агульнапрызнаны лідар еўрапейскага акадэмізму XIX стагоддзя. Атрымаў і мастацкую, і музычную адукацыю, у 1797—1801 гадах вучыўся ў майстэрні Жака-Луі Давіда. У 1806—1824 і 1835—1841 гадах жыў і працаваў у Італіі, пераважна ў Рыме і Фларэнцыі (1820—1824). Дырэктар Школы вытанчаных мастацтваў у Парыжы (1834—1835) і Французскай Акадэміі ў Рыме (1835—1840). У маладосці прафесійна займаўся музыкай, іграў на скрыпцы ў аркестры Тулузскай оперы (1793—1796), у далейшым падтрымліваў зносіны з Нікало Паганіні, Луіджы Керубіні, Шарлем Гуно, Гектарам Берліёзам і Феранцам Лістам.
Нарадзіўся 29 жніўня 1780 у Мантабане на паўднёвым захадзе Францыі. Вучыўся ў тулузскай акадэміі прыгожых мастацтваў. Па заканчэнні акадэміі пераязджае ў Парыж, дзе ў 1797 становіцца вучнем Жака-Луі Давіда. У 1806—1820 вучыцца і працуе ў Рыме, затым пераязджае ў Фларэнцыю, дзе праводзіць яшчэ чатыры гады. У 1824 вяртаецца ў Парыж і адкрывае школу жывапісу. У 1835 ізноў вяртаецца ў Рым у пасадзе дырэктара Французскай акадэміі. З 1841 года да канца жыцця жыве ў Парыжы. Памёр 14 студзеня 1867, пахаваны на парыжскіх могілках Пер-Лашэз.