wd wp Пошук:

Ежы Орда

Ежы Орда (нар. 20 сакавіка 1905, Навашыцы, памёр 8 [3] чэрвеня 1972, Вільня ) — польскі гісторык культуры, архівіст, грамадскі дзеяч [4], “віленец па выбару”, “інтэгральны гуманіст”, “чалавек парадоксу”, “анархіст у духу святога Аўгусціна” і гід па Вільні.

Біяграфія

Навашыцы

Пачатак дзяцінства правёў у радавым маёнтку Навашыцы Кобрынскага павета [5].

Ежы Орда па мацярынскай лініі быў унукам львоўскага гісторыка Станіслава Смолкі [6], даследчыка гісторыі Сярэднявечча і Новага часу. У 1899 Марыя ў дзявоцтве Смолкава выйшла замуж за Караля Орду (1871-1914) [7], якому належалі некалькі маёнткаў на Палессі, у тым ліку Навашыцы. У гэтай сядзібе падчас Студзеньскага паўстання хаваўся Рамуальд Траўгут [8]. Станіслаў Смолка правёў апошнія гады свайго жыцця ў Навашыцах і быў пахаваны ў 1924 у Янаве пад Пінскам. Па бацькоўскай лініі Ежы Орда быў сваяком вядомага мастака Напалеона Орда.

Меў двух братоў - Тадэвуша і Вітальда. Вітольд браў удзел у вераснёвай кампаніі 1939, загінуў у лагеры для ваеннапалонных у 1944 годзе [9] .

Варшаўскі перыяд

У 1917 разам з братамі і сёстрамі выехаў у Варшаву, дзе жыў на вуліцы Гожа, 32. Працягваў адукацыю ў гімназіі Войцеха Гурскага ў Варшаве ў 1916–1923. З 1923 два гады вывучаў гісторыю ў Варшаўскім універсітэце. Падчас вучобы ў Варшаўскім універсітэце ён пасябраваў з дырэктарам Архіва Асветы Вінцэнтам Лапаціньскім і ўступіў у канфлікт з прафесарам Марцэлі Гандэльсманам [10]. Прычынай спрэчкі стаў пратэст Орды супраць прынцыпу калектыўнай адказнасці.

Віленскі ўніверсітэт

З-за канфлікту ў 1926 Ежы Орда пераехаў у Вільню і працягнуў навучанне ў Віленскім універсітэце Стэфана Баторыя, вывучаючы гісторыю і мастацтвазнаўства [11] . Быў вучнем Казіміра Хадыніцкага і Станіслава Касцялкоўскага [4]. З 1928 г. публікаваўся ў навуковым гістарычным часопісе “Ateneum Wileńskie” і акадэмічным часопісе “Alma Mater Vilnensis” (з 1928 працаваў там у рэдакцыі як прадстаўнік гісторыкаў)[10].

З 1927 быў абраны старшынёй кола студэнтаў-гісторыкаў універсітэта Стэфана Баторыя, там па яго ініцыятыве была створана асобная секцыя па вывучэнні Вільні, мэтай якой было ўпарадкаванне бібліяграфіі Вільні, а таксама падрыхтоўка гуртка гідаў па гораду[12].

У 1933 далучыўся да тэатральнай студыі Ірэны Брыльскай пры Віленскім тэатры. Канцэптуальна дапамагаў са стварэннем сцэнаграфіі [13] .

Абараніў доктарскую працу “Пінск, яго пачаткі, тапаграфія і нарыс гісторыі да сярэдзіны XVIIІ стагоддзя” пад кіраўніцтвам Станіслава Касцялкоўскага ў 1932 [11].

Пасля заканчэння вучобы працаваў бібліятэкарам у Інстытуце Усходняй Еўропы ў Вільні, а з 1935 - Дзяржаўным архіве ў Вільні.

Пісаў артыкулы для левага часопіса Генрыка Дэмбіньскага і Стэфана Ендрыхоўскага “Poprostu”, некаторы час уваходзіў у рэдакцыю. Часопіс “Poprostu” меў выразную марксісцкую арыентацыю, фінансаваўся Камуністычнай партыяй Польшчы. Часопіс прынцыпова выступаў супраць асіміляцыі беларусаў, беларускі аддзел у рэдакцыі ўзначальваў Максім Танк[12]. Паколькі Орда не быў ні марксістам, ні прыхільнікам сацыялізму, ён пакінуў часопіс. Калі пазней на судзе над заснавальнікамі часопіса яго спыталі аб яго палітычных поглядах, ён адказаў: «Я анархіст у духу святога Аўгусціна».

Ваенны час

Пасля таго, як Вільня была занята Чырвонай Арміяй, быў вымушаны працаваць рабочым у гарадскіх садах, утрымліваў сябе таксама рэпетытарствам. Доўгі час быў беспрацоўным. Публікаваў артыкулы ў “Prawda Wileńska”, за што падвяргаўся нападкам у падпольным друку. Займаўся тайным выкладаннем [6] .

Падчас нацысцкай акупацыі ён працягваў чытаць лекцыі ў тэатральнай студыі, але ў падполлі. Сярод навучэнцаў студыі была Ганна Скаржанка. Пасля вайны студыя была прызнана Асацыяцыяй польскіх сцэнічных дзеячаў эквівалентам дзяржаўнай тэатральнай школы [14].

Пасля паўторнага заняцця Вільні Чырвонай Арміяй са згоды польскага падполля застаўся ў Вільні і ўладкаваўся на працу ў Дзяржаўны гістарычны архіў, а затым у гарадскі архіў [15].

Пасляваенны перыяд

Пасля заканчэння вайны не меў рэгістрацыі і працы. Вырашэннем сітуацыі аказалася фіктыўны шлюб 17 кастрычніка 1945 з манашкай-візіткай Геленай Зяновіч (1906-1986), з якой яны апекаваліся шасцю сіротамі. Трое з гэтых дзяцей былі габрэямі, якіх яны выратавалі ад халакосту. У 1992 Гелена Зяновіч была ўганаравана званнем Праведнік народаў свету. Ежы Орда таксама дапамог выратаваць хворую на тыф габрэйку Хаю Траевіцкую [16] .

У пачатку 1950-х гадоў (некаторыя крыніцы кажуць пра снежань 1949 г. [17] ), пасля таго як Орда адмовіўся праходзіць настрыфікацыю сваёй навуковай ступені, што прадугледжвала іспыт па марксізме-ленінізму, ён быў звольнены з працы. Працаваў дворнікам. У 1950 годзе ён уладкаваўся ў Акадэмію навук Літвы грузчыкам, фактычна займаўся навуковай працай. У той час ён напісаў «Гісторыю Вялікага Княства Літоўскага», якую пад сваім імем на літоўскай мове без пазначэння сапраўднага аўтара выдаў прафесар Юозас Жугжда [18] .

Толькі ў маі 1958 ён уладкаваўся на працу ў Цэнтральны гістарычны архіў Літоўскай ССР на пасаду старшага навуковага супрацоўніка, дзе працаваў да 1972. Займаўся аналізам дакументаў і навучаннем кадраў [19].

На працягу чатырох гадоў ён кіраваў створаным ім у складзе Інстытута педагогікі паэтычным тэатрам, які выхоўваў настаўнікаў для польскіх школ. Быў сузаснавальнікам гурта песні і танца “Вілія” (Wilia) [20].

Пахаваны на могілках Росы ў Вільні. Па ініцыятыве Ўладзіслава Коркуця дзякуючы грамадзкім зборам на магіле быў усталяваны помнік з надпісам Станіслава Якуціса: «Памяці чалавека навукі, гуманіста, вялікага знаўцы гісторыі Вільня, аматар тэатра і фальклору, застанецца ў сэрцах сям’і, ансамбля Wilia, супрацоўнікаў і ўсіх жыхароў і сяброў Вільні». Аўтарам праекту надмагілля з’яўляецца віленскі журналіст і паэт Войцех Пятровіч. І дзень нараджэння, і дзень смерці на помніку пазначаны няправільна [5] . Няправільная дата смерці фігуруе нават у навуковых даследаваннях (напрыклад, 6 чэрвеня 1972 г. [21] ).

Памяць

Ён стаў прататыпам персанажа Мурзы-Мурзіча ў аўтабіяграфічным рамане Ежы Путрамента «Рэчаіснасць»[22]. Узгадваў яго таксама Чэслаў Мілаш у «Іншым алфавіце» [23]:

Гэты нашчадак вядомага арыстакратычнага роду быў маленькім чалавечкам з яйкападобнай, амаль лысай, нягледзячы на ​​юны ўзрост, галавой - такім блізарукім, што насіў тоўстае шкло, выпуклыя, нібы акуляры вадалаза. У ягонай знешнасці і манеры паводзінаў было нешта смешнае людзей, і ў Вільні трыццатых гадоў ён слыў асобай пацешнай і эксцэнтрычнай. У той жа час немагчыма было ўявіць сабе, каб яго хвалявалі авангардныя ці левыя ідэі, каб ён быў адным з нас – у “Жагарах”, на выбарах у “Братняках” у 1931 годзе ці ў групе Дэмбінскага і яго часопісе “Папросту”. Ён быў старэйшы за нас усяго на пару гадоў, але тым не менш карыстаўся прывілеямі старэйшыны і стаяў у баку ад усіх гэтых пачынанняў. Гэта ён, выступаючы сведкам на працэсе Дэмбінскага і таварышаў у 1936 годзе, на пытанне, якія яго палітычныя погляды, з сур’ёзным выглядам падняў палец і адказаў: “Анархіст”. А затым дадаў: “У духу святога Аўгусціна”.

Кніжны чарвяк, эрудыт. Не памятаю, дзе ён вучыўся. Здаецца, у яго быў дактарат па гісторыі. Яго сапраўднай спецыяльнасцю, любоўю і прафесіяй была сталіца Вялікага княства Літоўскага, Вільня, яе мінулае і архітэктура. Магчыма, у іншых гарадоў таксама ёсць даследнікі, якія закаханыя ў старыя камяні і сядзяць круком над летапісамі. Вільня здабыў свайго знаўцу і прыхільніка ў асобе доктара Ежы Орды. А паколькі ён вёў аскетычны лад жыцця, маючы патрэбу толькі ў самым неабходным, то здавалася, што ніякія кар’ерныя спакусы не адарвуць яго ад папер і кніг[24].

Ганна Еджыхоўская так яго ўзгадвала:

Так званыя бытавыя ўмовы яго ніколі не хвалявалі, быў улюбёны ў віленскія касцёлы, асабліва святых Пятра і Паўла[25]

23 лістапада 2022 ў віленскай Нацыянальнай мастацкай галерэі адбылася прэм’ера дакументальнага фільма Ілоны Левандоўскай “Анархіст у дух святога Аўгусціна”[26].

Зноскі

  1. Bibliothèque nationale de France Jerzy Orda // data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011.
  2. Bibliothèque nationale de France Record #167016243 // BnF catalogue généralParis: BnF. Праверана 27 сакавіка 2017.
  3. Bibliograficzna baza danych biblioteki Uniwersytetu Jagiellońskiego.
  4. 1 2 Słownik…, s. 383
  5. 1 2 Jegelevičius, 1999, s. 44
  6. 1 2 Słownik…
  7. Zagałowa, 1999
  8. Jegelevičius, 1999
  9. 1 2 Zagałowa, 1999, s. 13
  10. 1 2 Jegelevičius, 1999, s. 45
  11. 1 2 Patryk Tomaszewski. Uniwersytet Stefana Batorego w Wilnie w latach 1919-1939. Wydawnictwo Naukowe UMK, 2022.
  12. Zagałowa, 1999, s. 14–15
  13. Zagałowa, 1999, s. 24
  14. Sławińska, 1999, s. 66
  15. Zagałowa, 1999, s. 27
  16. Jegelevičius, 2005, s. 120
  17. Zagałowa, 1999, s. 32
  18. Zagałowa, 1999, s. 34–35
  19. Zagałowa, 1999, s. 37
  20. Jegelevičius, 2005, s. 121
  21. Putrament, 1969, s. 330
  22. Miłosz, 1998, s. 112–114
  23. Чеслов Милош. Азбука. ВикиЧтение.
  24. Anna Jędrychowska. Zygzakiem i po prostu. Warszawa: Czytelnik, 1965. S. 251.
  25. https://zw.lt/wilno-wilenszczyzna/film-dokumentalny-o-dr-jerzym-ordzie-anarchista-w-duchu-sw-augustyna/?fbclid=IwAR1CJ8VvuJQsmK2TAHU98RjyhYuiFS7ZItmTxqhNQW5FoqS26rjelpdbgH8
Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Памерлі ў 1972 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Архівісты Польшчы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1905 годзе
Катэгорыя·Памерлі 8 чэрвеня
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся 20 сакавіка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Пахаваныя на могілках Роса
Катэгорыя·Вікіпедыя·Ізаляваныя артыкулы/сірата0
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Іванаўскім раёне
Катэгорыя·Памерлі ў Вільнюсе