Ежы Орда (нар. 20 сакавіка 1905, Навашыцы, памёр 8 [3] чэрвеня 1972, Вільня ) — польскі гісторык культуры, архівіст, грамадскі дзеяч [4], “віленец па выбару”, “інтэгральны гуманіст”, “чалавек парадоксу”, “анархіст у духу святога Аўгусціна” і гід па Вільні.
Пачатак дзяцінства правёў у радавым маёнтку Навашыцы Кобрынскага павета [5].
Ежы Орда па мацярынскай лініі быў унукам львоўскага гісторыка Станіслава Смолкі [6], даследчыка гісторыі Сярэднявечча і Новага часу. У 1899 Марыя ў дзявоцтве Смолкава выйшла замуж за Караля Орду (1871-1914) [7], якому належалі некалькі маёнткаў на Палессі, у тым ліку Навашыцы. У гэтай сядзібе падчас Студзеньскага паўстання хаваўся Рамуальд Траўгут [8]. Станіслаў Смолка правёў апошнія гады свайго жыцця ў Навашыцах і быў пахаваны ў 1924 у Янаве пад Пінскам. Па бацькоўскай лініі Ежы Орда быў сваяком вядомага мастака Напалеона Орда.
Меў двух братоў - Тадэвуша і Вітальда. Вітольд браў удзел у вераснёвай кампаніі 1939, загінуў у лагеры для ваеннапалонных у 1944 годзе [9] .
У 1917 разам з братамі і сёстрамі выехаў у Варшаву, дзе жыў на вуліцы Гожа, 32. Працягваў адукацыю ў гімназіі Войцеха Гурскага ў Варшаве ў 1916–1923. З 1923 два гады вывучаў гісторыю ў Варшаўскім універсітэце. Падчас вучобы ў Варшаўскім універсітэце ён пасябраваў з дырэктарам Архіва Асветы Вінцэнтам Лапаціньскім і ўступіў у канфлікт з прафесарам Марцэлі Гандэльсманам [10]. Прычынай спрэчкі стаў пратэст Орды супраць прынцыпу калектыўнай адказнасці.
З-за канфлікту ў 1926 Ежы Орда пераехаў у Вільню і працягнуў навучанне ў Віленскім універсітэце Стэфана Баторыя, вывучаючы гісторыю і мастацтвазнаўства [11] . Быў вучнем Казіміра Хадыніцкага і Станіслава Касцялкоўскага [4]. З 1928 г. публікаваўся ў навуковым гістарычным часопісе “Ateneum Wileńskie” і акадэмічным часопісе “Alma Mater Vilnensis” (з 1928 працаваў там у рэдакцыі як прадстаўнік гісторыкаў)[10].
З 1927 быў абраны старшынёй кола студэнтаў-гісторыкаў універсітэта Стэфана Баторыя, там па яго ініцыятыве была створана асобная секцыя па вывучэнні Вільні, мэтай якой было ўпарадкаванне бібліяграфіі Вільні, а таксама падрыхтоўка гуртка гідаў па гораду[12].
У 1933 далучыўся да тэатральнай студыі Ірэны Брыльскай пры Віленскім тэатры. Канцэптуальна дапамагаў са стварэннем сцэнаграфіі [13] .
Абараніў доктарскую працу “Пінск, яго пачаткі, тапаграфія і нарыс гісторыі да сярэдзіны XVIIІ стагоддзя” пад кіраўніцтвам Станіслава Касцялкоўскага ў 1932 [11].
Пасля заканчэння вучобы працаваў бібліятэкарам у Інстытуце Усходняй Еўропы ў Вільні, а з 1935 - Дзяржаўным архіве ў Вільні.
Пісаў артыкулы для левага часопіса Генрыка Дэмбіньскага і Стэфана Ендрыхоўскага “Poprostu”, некаторы час уваходзіў у рэдакцыю. Часопіс “Poprostu” меў выразную марксісцкую арыентацыю, фінансаваўся Камуністычнай партыяй Польшчы. Часопіс прынцыпова выступаў супраць асіміляцыі беларусаў, беларускі аддзел у рэдакцыі ўзначальваў Максім Танк[12]. Паколькі Орда не быў ні марксістам, ні прыхільнікам сацыялізму, ён пакінуў часопіс. Калі пазней на судзе над заснавальнікамі часопіса яго спыталі аб яго палітычных поглядах, ён адказаў: «Я анархіст у духу святога Аўгусціна».
Пасля таго, як Вільня была занята Чырвонай Арміяй, быў вымушаны працаваць рабочым у гарадскіх садах, утрымліваў сябе таксама рэпетытарствам. Доўгі час быў беспрацоўным. Публікаваў артыкулы ў “Prawda Wileńska”, за што падвяргаўся нападкам у падпольным друку. Займаўся тайным выкладаннем [6] .
Падчас нацысцкай акупацыі ён працягваў чытаць лекцыі ў тэатральнай студыі, але ў падполлі. Сярод навучэнцаў студыі была Ганна Скаржанка. Пасля вайны студыя была прызнана Асацыяцыяй польскіх сцэнічных дзеячаў эквівалентам дзяржаўнай тэатральнай школы [14].
Пасля паўторнага заняцця Вільні Чырвонай Арміяй са згоды польскага падполля застаўся ў Вільні і ўладкаваўся на працу ў Дзяржаўны гістарычны архіў, а затым у гарадскі архіў [15].
Пасля заканчэння вайны не меў рэгістрацыі і працы. Вырашэннем сітуацыі аказалася фіктыўны шлюб 17 кастрычніка 1945 з манашкай-візіткай Геленай Зяновіч (1906-1986), з якой яны апекаваліся шасцю сіротамі. Трое з гэтых дзяцей былі габрэямі, якіх яны выратавалі ад халакосту. У 1992 Гелена Зяновіч была ўганаравана званнем Праведнік народаў свету. Ежы Орда таксама дапамог выратаваць хворую на тыф габрэйку Хаю Траевіцкую [16] .
У пачатку 1950-х гадоў (некаторыя крыніцы кажуць пра снежань 1949 г. [17] ), пасля таго як Орда адмовіўся праходзіць настрыфікацыю сваёй навуковай ступені, што прадугледжвала іспыт па марксізме-ленінізму, ён быў звольнены з працы. Працаваў дворнікам. У 1950 годзе ён уладкаваўся ў Акадэмію навук Літвы грузчыкам, фактычна займаўся навуковай працай. У той час ён напісаў «Гісторыю Вялікага Княства Літоўскага», якую пад сваім імем на літоўскай мове без пазначэння сапраўднага аўтара выдаў прафесар Юозас Жугжда [18] .
Толькі ў маі 1958 ён уладкаваўся на працу ў Цэнтральны гістарычны архіў Літоўскай ССР на пасаду старшага навуковага супрацоўніка, дзе працаваў да 1972. Займаўся аналізам дакументаў і навучаннем кадраў [19].
На працягу чатырох гадоў ён кіраваў створаным ім у складзе Інстытута педагогікі паэтычным тэатрам, які выхоўваў настаўнікаў для польскіх школ. Быў сузаснавальнікам гурта песні і танца “Вілія” (Wilia) [20].
Пахаваны на могілках Росы ў Вільні. Па ініцыятыве Ўладзіслава Коркуця дзякуючы грамадзкім зборам на магіле быў усталяваны помнік з надпісам Станіслава Якуціса: «Памяці чалавека навукі, гуманіста, вялікага знаўцы гісторыі Вільня, аматар тэатра і фальклору, застанецца ў сэрцах сям’і, ансамбля Wilia, супрацоўнікаў і ўсіх жыхароў і сяброў Вільні». Аўтарам праекту надмагілля з’яўляецца віленскі журналіст і паэт Войцех Пятровіч. І дзень нараджэння, і дзень смерці на помніку пазначаны няправільна [5] . Няправільная дата смерці фігуруе нават у навуковых даследаваннях (напрыклад, 6 чэрвеня 1972 г. [21] ).
Ён стаў прататыпам персанажа Мурзы-Мурзіча ў аўтабіяграфічным рамане Ежы Путрамента «Рэчаіснасць»[22]. Узгадваў яго таксама Чэслаў Мілаш у «Іншым алфавіце» [23]:
Гэты нашчадак вядомага арыстакратычнага роду быў маленькім чалавечкам з яйкападобнай, амаль лысай, нягледзячы на юны ўзрост, галавой - такім блізарукім, што насіў тоўстае шкло, выпуклыя, нібы акуляры вадалаза. У ягонай знешнасці і манеры паводзінаў было нешта смешнае людзей, і ў Вільні трыццатых гадоў ён слыў асобай пацешнай і эксцэнтрычнай. У той жа час немагчыма было ўявіць сабе, каб яго хвалявалі авангардныя ці левыя ідэі, каб ён быў адным з нас – у “Жагарах”, на выбарах у “Братняках” у 1931 годзе ці ў групе Дэмбінскага і яго часопісе “Папросту”. Ён быў старэйшы за нас усяго на пару гадоў, але тым не менш карыстаўся прывілеямі старэйшыны і стаяў у баку ад усіх гэтых пачынанняў. Гэта ён, выступаючы сведкам на працэсе Дэмбінскага і таварышаў у 1936 годзе, на пытанне, якія яго палітычныя погляды, з сур’ёзным выглядам падняў палец і адказаў: “Анархіст”. А затым дадаў: “У духу святога Аўгусціна”.
Кніжны чарвяк, эрудыт. Не памятаю, дзе ён вучыўся. Здаецца, у яго быў дактарат па гісторыі. Яго сапраўднай спецыяльнасцю, любоўю і прафесіяй была сталіца Вялікага княства Літоўскага, Вільня, яе мінулае і архітэктура. Магчыма, у іншых гарадоў таксама ёсць даследнікі, якія закаханыя ў старыя камяні і сядзяць круком над летапісамі. Вільня здабыў свайго знаўцу і прыхільніка ў асобе доктара Ежы Орды. А паколькі ён вёў аскетычны лад жыцця, маючы патрэбу толькі ў самым неабходным, то здавалася, што ніякія кар’ерныя спакусы не адарвуць яго ад папер і кніг[24].
Ганна Еджыхоўская так яго ўзгадвала:
Так званыя бытавыя ўмовы яго ніколі не хвалявалі, быў улюбёны ў віленскія касцёлы, асабліва святых Пятра і Паўла[25]
23 лістапада 2022 ў віленскай Нацыянальнай мастацкай галерэі адбылася прэм’ера дакументальнага фільма Ілоны Левандоўскай “Анархіст у дух святога Аўгусціна”[26].