wd wp Пошук:

Дэнаіна

Дэнаіна, у мінулым танаіна (саманазва: Dena’ina, літаральна “людзі”) — паўночны атабаскі народ, карэнныя жыхары цэнтру і поўдню Аляскі. Агульная колькасць (2016 г.) - 1300 чал.[1]

Гісторыя

Да другой паловы XVIII ст. групы дэнаіна жылі пераважна на поўдні Аляскі, дзе межавалі з іншымі атабаскамі і эскімосамі. Першы занатаваны кантакт з еўрапейцамі адбыўся ў 1784 г., калі гэтыя землі наведала брытанская экспедыцыя на чале Джэймса Кука. Пасля 1799 г. сярод дэнаіна актыўна дзейнічала Расійска-амерыканская кампанія і расійскія праваслаўныя місіянеры. Дэнаіна былі ўцягнуты ў гандлёвыя зносіны з рускімі перасяленцамі, мелі з імі, а таксама з алеутамі і эскімосамі сумесныя шлюбы.

У 1867 г. Аляска перайшла пад кантроль ЗША. Землі дэнаіна прыцягвалі да сябе прыватныя амерыканскія кампаніі. Многія індзейцы наймаліся на працу на рыбаперапрацоўчыя прадпрыемствы. У 1924 г. дэнаіна атрымалі амерыканскае грамадзянства.

Культура

Галоўнымі заняткамі дэнаіна здаўна былі рыбалоўства, паляванне і збіральніцтва. Асабліва важнае значэнне меў сезонны лоў ласосевых. У канцы XVIII - пачатку XX стст. дэнаіна таксама займаліся здабычах футравых звяроў для продажу. Пасля 1880 г. прыватныя рыбаперапрацоўчыя прадпрыемствы захапілі акваторыі, найбольш багатыя рыбнымі рэсурсамі. Гэта прымусіла многіх дэнаіна мігрыраваць уздоўж рэчышчаў ва ўнутраныя тэрыторыя, наймацца на працу на прамысловыя прадпрыемствы або ў рыбалоўны флот. Традыцыйныя рамёствы былі зязаны з забеспячэннем паўседзённага існавання. Да прыходу еўрапейцаў дэнаіна займаліся перапрацоўкай медзі, ведалі бронзу. У наш час некаторыя рамёствы (вытворчасць сувеніраў, снегаступаў, лодак) захаваліся і маюць камерцыйнае значэнне.

Асноўны від паселішча — вёска, якая складалася з доўгіх бярвеністых хацін. Вёскі будавалі каля ракі. Звычайна ў адной хаціне жыло некалькі нуклеарных сем’яў, якія падзяляліся перагародкамі. Увесну большасць жыхароў пакідала вёску і да позняй восені вандравала па месцах здабычы рыбы і дзікай жывёлы. Улетку жылі ў скураных намётах і малых аднасямейных часовых хацінах.

Кожная вёска складала асобнае палітычнае аб’яднанне. Асноўнай сацыяльнай адзінкай быў матрылінейны род, які складаўся з пашыраных і нуклеаных сем’яў. Найлепшым лічыўся выбар нявесты сярод дачок сястры бацькі. Практыкавалася палігінія. Вылучаліся багатыя сем’і. Было вядома рабства, канчаткова адмененае амерыканскім урадам толькі ў 1886 г. Спрэчкі з іншымі вёскамі з-за тэрыторый або прыватных канфліктаў часцяком вырашаліся шляхам ваенных набегаў.

Традыцыйнае мастацтва прадстаўлена гафтам, наскальнымі малюнкамі, песнямі і танцамі. Захаваліся рытуальныя спевы, якія выконвалі падчас палявання або патлачу.

Мова

Родная мова дэнаіна адносіцца да паўночнай атабаскай групы на-дэне. У наш час карыстаюцца пісьмом на аснове лацінкі. Вывучаецца ў школах і каледжах.

Рэлігія

Дэнаіна верылі ў тое, што навакольны свет населены мноствам духаў. Асабліва шанаваўся дух Палярнай зоркі. Лічылася, што душа пасля смерці можа жыць каля сваякоў і сяброў памерлага, удзельнічаць у іх жыцці. Лекаваннем і выгнаннем злых духаў займаліся шаманы.

У нашы дні большасць вернікаў належаць да праваслўнай і пратэстанцкай канфесій.

Зноскі

  1. Tanaina in United States

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Народы ЗША
Катэгорыя·Атабаскі
Катэгорыя·Народы Аляскі