Дра́нікі, драчонікі, бульбянікі — бліны з таркаванай (дранай) бульбы, часта з начынкай (з душамі). Лічацца стравай нацыянальнай беларускай кухні[1].
Пад уласнымі назвамі добра вядомы таксама ў нямецкай, чэшскай, украінскай, літоўскай і іншых кухнях.
Цеста для дранікаў, прынамсі ў Беларусі, складаецца з дзёртай сырой бульбы, часам дадаюць муку і яйкі, а таксама цыбулю, моркву, смятану, сыраквашу. Для начынкі ўжываюць мяса, грыбы, вараныя яйкі. Дранікі смажаць на алеі або тлушчы, пасля адразу спажываюць або запякаюць у гаршку з салам, смятанай, цыбуляй, грыбамі. Смажаць дранікі памерам з аладкі або вялікімі (на ўсю патэльню).
Дранікі лічаць адной з найвядомейшых беларускіх нацыянальных страў, але ў традыцыйнай кухні яны з’явіліся толькі ў 2-й палове XIX ст. з нямецкай кухні праз яўрэйскую, дзе вядомы як латкес. Першы вядомы ў Беларусі рэцэпт дранікаў пад назвай blinki kartoflane даецца ў кнізе Яна Шытлера «Кухар добра навучаны» (1830)[крыніца?].