wd wp Пошук:

Датога

Датога (саманазва Datoga) — нілоцкі народ на поўначы Танзаніі. Агульная колькасць (2021 г.) — 170 000 чалавек[1].

Гісторыя

Датога адносяцца да паўднёвай галіны нілотаў, па мове блізкія да календжын і часткі масаяў. Лінгвісты лічаць, што агульныя продкі датога і календжын вылучыліся як асобная група каля 3000 гадоў таму і да 1500 г. перасяліліся на тэрыторыю Усходняй Афрыкі. Датога займалі частку горных раёнаў з багатымі пашамі, пакуль не былі выціснуты з большасці зямель масаямі. У другой палове XX ст. ціск перасяленцаў, на гэты раз земляробаў-банту, прадоўжыўся[2]. Характэрна тое, што датога імкнуцца адасобіцца ад сучасных інавацый, каб захаваць традыцыйную культуру.

Культура

Асноўным заняткам датога лічыцца вандроўная і адгонная жывёлагадоўля. Яны трымаюць кароў, авечак, коз і аслоў. Асаблівую ролю ў культуры займаюць каровы, паколькі валоданне імі вызначае статус сярод супляменнікаў, малако і кроў кароў разглядаюцца як найбольш добрая ежа. Большасць датога вымушана займацца земляробствам, вырошчваюць кукурузу, проса, бабовыя, на продаж — цыбулю. Звычайна земляробства развіваецца найлепей у раёнах з дастатковай колькасцю ападкаў, там, дзе існуе вонкавы попыт на харчовыя прадукты. Акрамя таго, пэўны перыяд года мужчыны займаюцца адыходніцтвам, наймаюцца на часовую працу ў гарады. Наадварот, ізаляваныя групы ў засушлівых раёнах абапіраюцца галоўным чынам на жывёлагадоўлю. Жывёлагадоўля застаецца найважнейшым заняткам барабайг, найбольш ізаляванай тэрытарыяльнай групы, што захоўвае багатыя горныя пашы. Распаўсюджанае традыцыйнае рамяствометалургія. Датога апрацоўваюць жалеза. Дадатковыя заняткі — паляванне і збіральніцтва.

Тыповыя паселішчы гедасямейныя сядзібы з некалькімі хацінамі. Апошнія ўяўляюць сабою чатырохкутныя каркасныя канструкцыі с плоскімі дахамі, сплеценыя з галля і пакрытыя сумяссю гліны, саломы і гною. Прастору вакол геда абмяжоўваюць зараснікі калючага хмызняка, што абараняюць людзей і свойскую жывёлу ад дзікіх звяроў. Мужчынская вопратка хангд — кавалак чырвонай тканіны накшталт тогі. Жаночая вопратка ханангвенд даўжэйшая за хангд. Жанчыны носяць шыйныя драцяныя спіралі і мноства караляў. І мужчыны, і жанчыны ўпрыгожваюць цела і твар шрамаваннем.

Датога падзяляюцца на 13 тэрытарыяльных груп, якія дысперсна раскіданы на поўначы Танзаніі. Яны звычайна не мяжуюць адна з іншай, аднак падтрымліваюць узаемныя кантакты. Агульнага кіравання ў тэрытарыяльных груп няма. Існуюць таксама родавыя арганізацыі на чале старэйшын, але іх уплыў у розных групах адрозны. Род арганізуе супольныя святы і рытуалы, яго чальцы аказваюць узаемную падтрымку. Галоўная сацыяльная адзінка — нуклеарная сям’я з бацькоў і іх дзяцей. Яна разглядаецца як карыстальнік пэўных тэрыторый, уладальнік палеткаў і свойскай жывёлы. Сваяцтва перадаецца толькі па лініі бацькі. Шлюбы знутры рода забаронены. Многія сем’і прытрымліваюцца звычаю палігініі. Мужчыны выбіраюць жонак не толькі сярод супляменніц, але і сярод жанчын-банту.

У юнацкім узросце хлопчыкі праходзяць шэраг абрадаў ініцыяцыі, у тым ліку абразанне і паляванне на дзікіх звяроў. У апошнім выпадку забойства звера не абавязковае. Малады воін павінен толькі пратыкнуць небяспечную жывёліну (ільва, буйвала, насарога, леапарда і г. д.) дзідай. Датога лічацца грознымі воінамі і паляўнічымі нават у параўнанні з масаямі[3]. Часам ахвярамі воінаў становяцца не жывёлы, а людзі, паколькі забойства ворага прыраўноўваецца да подзвігу. Ворагамі могуць лічыцца ўсе, хто не адносіцца да датога, і хто не мае з імі сваяцкія або шчыльных гандлёвыя сувязі. У нашы дні наяўнасць агнястрэльнай зброі дазваляе датога супраціўляцца нават паліцэйскім і армейскім часткам.

Мова

Родная мова датога адносіцца да паўднёвай галіны нілоцкіх моў. Яна фактычна з’яўляецца не пісьменнай, хаця існуюць запісы асобных слоў і выразаў на лацінке. Дзеці датога практычна абмінаюць школьную адукацыю, таму ўзровень засваення афіцыйных моў вельмі нізкі. Толькі 1% датога пісьменны, толькі 5% датога валодаюць суахілі[4]. У выніку большасць датога размаўляе на роднай мове.

Рэлігія

Датога вераць у існаванне першаснага бога-творцы сусвету Асеета. Аднак ён мала выяўляе сябе ў паўседзённым жыцці. Таму датога шануюць шматлікіх духаў прыроды і продкаў. Рэлігійныя цырымоніі ўзначальваюць старэйшыны або правадыры. Прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій перыядычна арганізуюць сярод датога місіянерскую дзейнасць, аднак пакуль яна не прыносіць асаблівага плёну.

Зноскі

  1. Datooga, Barabaig in Tanzania
  2. Maasai and Barabaig Herders Struggle for Land Rights in Kenya and Tanzania
  3. Ngorongoro People
  4. Emília BIHARIOVÁ, AVOIDING CHRISTIANITY – A WEAPON IN EDUCATING ‘SAVAGE’ PASTORALISTS: A CASE STUDY OF NILOTIC BURADIGA IN TANZANIA

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Народы Танзаніі
Катэгорыя·Нілоты