wd wp Пошук:

Даніла Андрэевіч Ганчароў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ганчароў. Даніла Андрэевіч Ганчароў (нар. 27 верасня 1991) — мастак па святле, быў звольнены з Новага драматычнага тэатра за спробу арганізацыі забастоўкі. Палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Біяграфія

Праз палітычныя падзеі ў Беларусі летам 2020 Даніла далучыўся да пашыранага складу Каардынацыйнай рады. Ён працаваў мастаком па святле ў Новым драматычным тэатры ў Мінску, адкуль быў звольнены, праз тое, што разам з калегамі спрабаваў арганізаваць забастоўку 27 кастрычніка (калі была абвешчана «агульнанацыянальная забастоўка», частка супрацоўнікаў тэатра далучыліся да яе, за што адміністрацыя тэатра падала на іх у суд, і 18 лістапада суд прызнаў забастоўку незаконнай). У падтрымку звольненых акцёраў і супрацоўнікаў Новага драматычнага тэатра — агулам былі звольнены 14 чалавек — Беларускі Фонд Культурнай Салідарнасці ладзіў у снежні 2020 анлайн-паказ спектакля «З жыцця выкапняў» (пастаноўка Дзмітрыя Багаслаўскага па п’есе амерыканскага драматурга і сцэнарыста Фрэдэрыка Стропеля)[1].

Палітычны пераслед

Данілу Ганчарова затрымалі 15 сакавіка 2021, тады да яго ў кватэру прыйшлі з вобшукам міліцыянты, знайшлі бел-чырвона-белы сцяг, што стала падставай для затрымання па адміністрацыйным артыкуле за «адзіночнае пікетаванне», суд прысудзіў яму 15 сутак арышту. Такім чынам, 30 сакавіка ён мусіў выйсці на волю, але 26-га сакавіка Ганчарова перавезлі з ІЧУ Жодзіна ў Мінск на допыт, адкуль адправілі спачатку ў ІЧУ на Акрэсціна, пазней перавялі ў СІЗА на Валадарскага. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх)[2].

9 красавіка 2021 года дзесяць беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, апублікавалі супольную заяву, у якой прызналі Данілу Ганчарова палітычным зняволеным[3].

Судовы разгляд яго справы пачаўся 8 ліпеня 2021 у судзе Цэнтральнага раёну Мінску, справу разглядаў суддзя Дзмітры Карсюк, абвінавачванне было прадстаўлена пракурорам Цімафеем Нічыпаруком, які запрасіў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжыма. У судзе стала вядома, што акрамя артыкула 342, яго вінавацяць таксама па ч. 6 арт. 16 («саўдзел у злачынстве»), на падставе таго, што Даніла нібыта дасылаў паведамленні і фотаздымкі ў тэлеграм-каналы Nexta і Nexta Live пра перамяшчэнні сілавікоў па горадзе, чым аказаў садзейнічанне ў арганізацыі іншымі асобамі группавых дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак. Ганчароў сваю віну ў судзе не прызнаў, ад дачы паказанняў у судзе адмовіўся, таму былі зачытаны пратаколы, якія былі складзены падчас следства, дзе таксама было пазначана, што Ганчароў і раней адмаўляўся ад дачы паказанняў, заяўляў, што сутнасць абвінавачвання яму не зразумелая. Па асноўным артыкуле яго справы Ганчарова вінавацілі ў тым, што 16 і 23 жніўня, 13, 20, 27 верасня і 4 кастрычніка 2020 ён прымаў удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, а таксама «выкрыкваў лозунгі, громка пляскаў у далоні, чым працяглы час парушаў спакой грамадзянаў». Адвакат Ганчарова звярнула ўвагу на шматлікія неабгрунтаваныя сведчанні і адсутнасць доказаў, сам Ганчароў у сваім апошнім слове таксама звярнуў увагу на шэраг парушэнняў: «Чаму я скарыстаўся сваім правам не даваць паказанні? Пастаўце, калі ласка, сябе на маё месца: вымаюць тэлефон з адным IMEI, а потым у справе фігуруе іншы. Мяне абвінавачваюць на поўным сур’ёзе у тым, што я 27 верасня заблакаваў рух [транспарту] 16 жніўня. Пра што гэта кажа? Пра тое, што справу, па якой мне пагражае зняволенне тэрмінам да двух гадоў, нават ніхто не перачытваў, перш чым накіраваць у суд. Гэтыя нестыкоўкі, гэтыя памылкі — вельмі яркія, кідаюцца ў вочы. Я вельмі сёння здзівіўся, калі бок абвінавачвання, зачытваючы тэкст, нават не адкарэктаваў відавочную памылку. Я абсалютна ўпэўнены, што такая нядбайнасць у адносінах да працы ўжо кажа пра тое, што ніякіх паўнавартасных і дакладных следчых мерапрыемстваў не праводзілася»[2]. Праз заўважную наяўнасць значных разыходжанняў суддзя Карсюк вырашыў аднавіць судовае следства і рознымі спосабамі спрабаваў дапытаць абвінавачанага, але Ганчароў працягнуў адмаўляцца ад дачы паказанняў.

На наступны дзень, 9 ліпеня, суддзя Карсюк вынес менавіта такі прысуд Ганчарову, як патрабаваў дзяржабвінаваўца, бо палічыў, што віна палітвязня даказаная і пакараў яго двума гадамі калоніі агульнага рэжыму. Прызначаны тэрмін Ганчароў адбывае ў папраўчай калоніі № 17 у Шклове.

Зноскі

  1. У падтрымку свабодных акцёраў ладзяць анлайн-паказ спектакля «З жыцця выкапняў»(недаступная спасылка) (бел.)
  2. 1 2 Для Данілы Ганчарова запрасілі два гады пазбаўлення волі за ўдзел у шасці нядзельных маршах і перасылку інфармацыі ў Telegram (бел.)
  3. Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 11 новых палітвязняў (бел.)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1991 годзе
Катэгорыя·Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення праваабарончым цэнтрам «Вясна»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Палітвязні Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся 27 верасня