wd wp Пошук:

Дагавор 1219 года

Дагавор 1219 года — мірнае пагадненне, заключанае паміж літоўскімі князямі і Галіцка-Валынскім княствам у канцы 1219 ці пачатку 1220 г.

У Валынскім (Іпацьеўскім) летапісе пад 6723 г. «ад стварэння свету» (дата памылковая) прыведзены пералік князёў, што падпісалі дагавор, які, напэўна, 6ыў узяты складальнікам летапісу з арыгінала. Пералік каштоўны тым, што адлюстроўвае палітычны стан літоўскіх зямель. У ім фігуруюць 5 груп князёў — уладальнікаў асобных, але ўжо не раўнапраўных княстваў. 5 прадстаўнікоў 1-й групы названы «старэйшымі», прычым парадак пераліку дазваляе меркаваць пра роднасныя сувязі паміж імі. Відаць, гэта былі прадстаўнікі аднаго княжацкага роду, які на той час палітычна дамінаваў над іншымі. Узначальваў яго Жывібунд пасля якога пералічаны 2 пары братоў: Даўят (ці Даўял) з Вілікайлам і Даўспрунк з Міндоўгам. Магчыма, гэта былі маладыя сыны 2 старэйшых братоў Жывібунда, якія на той момант памерлі і пасля якіх ён стаў старэйшым у родзе. 2-ю групу ўтвараюць 2 князі, названыя жамойцкімі (Эрдзівіл і Выкінт); гэта сведчыць пра ўваход Жамойці ў склад Літвы і яе палітычная залежнасць ад Жывібунда і яго суродзічаў. 3-ю групу ўтвараюць 6 князёў, названых Рушкавічамі: Кінцібут, Ванібут, Бутавіт, Віжэік з сынам Вішліем, Кіценій, а таксама Плікосава — напэўна, удава памерлага Плікосы. Яны належалі да іншага роду, які таксама падпарадкоўваўся роду Жывібунда. Шматлікасць гэтых князёў паказвае, што іх уладанні былі моцна раздробненымі, напэўна, у выніку падзелу вотчын па бацькоўскай лініі, як гэта адбывалася і ў рускіх князёў. Разам з тым наяўнасць у спісе жанчыны сведчыць пра пэўныя асаблівасці спадчыннага права літоўцаў: удава да паўторнага шлюбу кіравала мужавай вотчынай і лічылася роўнай з мужчынамі. 4-я група князёў, таксама роднасных паміж сабой, выступае пад імем Булевічы. З іх названы Вішымут, пасля імя якога складальнік летапісу зрабіў прыпіску пра больш познія падзеі: «его же убн Мнндовг н жену его поял н братью его побнл Еднвнла, Спрудейка». Трэба меркаваць, што браты Вішымута таксама былі ўдзельнікамі дагавора. Іх лёс сведчыць, якім чынам адбывалася ўзвышэнне Міндоўга. Апошнюю групу ўтвараюць 4 князі, што сумесна валодалі Дзяволтвай (пазнейшы Вількамірскі павет ВКЛ), і таксама, напэўна, былі суродзічамі: Юдзькі, Пукеік, Бікшы, Лікіік.

Непасрэдным вынікам дагавора стаў напад Літвы на польскія княствы, з якімі варагавалі галіцка-валынскія князі — удзельнікі дагавора: Даніла і Васілька Раманавічы і іх маці Ганна. Магчыма, Літва ініцыіравала дагавор з мэтай адкрыць шлях да рабаўнічых набегаў на Польшчу, ад якой яе аддзялялі прыналежныя Галіцка-Валынскаму княству Падляшша і Берасцейшчына. Падобная палітыка Літвы пазней прасочваецца ў яе адносінах з Полацкім княствам (праз яго тэрыторыю ішлі набегі на Уладзіміра-Суздальскую і Наўгародскую землі), а таксама з Пінскім княствам (тады ахвярай набегаў станавілася Галіцка-Валынскае княства).

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Міжнародныя дагаворы XIII стагоддзя
Катэгорыя·Дагаворы паводле алфавіта
Катэгорыя·Галіцка-Валынскае княства
Катэгорыя·Дагаворы паводле алфавіта
Катэгорыя·1219 год у Еўропе
Катэгорыя·Міжнародныя дагаворы Вялікага Княства Літоўскага