Давыд (? — 1326) — староста гарадзенскі, военачальнік вял.кн. літоўскага Гедзіміна.
Паходжанне невядома. На думку В. Тацішчава, быў сынам пскоўскага князя Даўмонта і гэта меркаванне пашырана, але іншых пацверджанняў няма. У нямецкіх хроніках называецца кашталянам або старостам Гарадзенскага замка, у Пскоўскім летапісе — князем.
Упершыню кн. Давыд згадваецца ў хроніцы П. Дусбурга пад 1314 годам, калі ўзначальваў паспяховую абарону Новагародка ад ордэнскага нападу. У 1319 годзе ўзначальваў паход вялікалітоўскага войска супраць Ордэна ў Прусію. У 1323 годзе двойчы прыходзіў на дапамогу Пскову супраць Ордэна ў Лівоніі, а таксама ўзначальваў паход у Добжынскую зямлю супраць Ордэна ў Прусіі. У 1324 годзе крыжаносцы знішчылі яго маёнтак Давыдзішкі ў Літве. У 1324 годзе вадзіў вялікалітоўскае войска ў Мазовію. У 1326 годзе на дапамогу польскаму каралю Уладзіславу Лакатку ў паход супраць маркграфства Брандэнбургскага, дзе быў забіты ў спіну мазавецкім рыцарам Анджэем Госцем, магчыма, падкупленым крыжаносцамі.[1]
Паводле М. Стрыйкоўскага, быў жанаты з дачкой вял.кн. Гедзіміна.
Па думку некаторых даследчыкаў, мог быць пахаваны ў Гродне каля Барысаглебскай (Каложскай) царквы[Крыніца?].
У красавіку 2017 года ў Гродне выбралі эскіз помніка Давыду Гарадзенскаму, на конкурсе перамог праект Сяргея Аганава. У скульптуры Давыд Гарадзенскі стварае адзінае цэлае з канём, закрываючы яго сваім плашчом, у руцэ ён трымае меч, за спінай шчыт з крыжом. На помніку ёсць выява гродзенскага Старога замка і Каложскай царквы. Выгляд Давыда Гарадзенскага невядомы, таму скульптар дэталёва не выяўляў яго твар. Помнік пастаўлены ў 2018 годзе на скрыжаванні вуліц Замкавай і Давыда Гарадзенскага[2][3].