Готфрыд Земпер (ням.: Gottfried Semper, 29 лістапада 1803, Гамбург — 15 мая 1879, Рым) — тэарэтык мастацтва, выбітны нямецкі архітэктар XIX стагоддзя і прадстаўнік архітэктуры перыяду эклектыкі.
Вучыўся ў 1825—1826 гадах у Мюнхене, у 1826—1828 гадах у Парыжы. У 1834—1849 гадах прафесар Акадэміі мастацтваў(руск.) бел. у Дрэздэне.
У рацыянальных па арганізацыі плана пабудовах Земпера эклектычна ужыты дэкаратыўныя матывы італьянскага Адраджэння і барока: Оперны тэатр (1838—1841 і 1871—1878) і Карцінная галерэя (1847—1849) у Дрэздэне; «Бургтэатр» (1874—1888, з К. Хазенаўэрам(руск.) бел.) у Вене.
У сваіх тэарэтычных працах разглядаў стыль як гістарычна складзеную з’яву; прычыны заняпаду архітэктуры і рамёстваў у XIX ст. бачыў у раз’яднанні тэхнікі і мастацтва, у адрыве аздаблення ад канструкцыі. Яго погляды паўплывалі на канцэпцыі архітэктуры, мастацкай прамысловасці і мастацкага канструявання канца XIX — пачатку XX ст.