У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Багдановіч. Глеб Вячаслававіч Багдановіч (1913, Вільня — 1971, Рудзенск, Пухавіцкі раён, Мінскай вобласці) — беларускі палітык і ваенны дзеяч, публіцыст, доктар медыцыны.
Сын Вячаслава Багдановіча. Скончыў Віленскую беларускую гімназію, медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта. Быў сябрам Беларускай студэнцкай карпарацыі «Скарынія» ў Вільні, друкаваўся ў часопісе «Новая варта».
Падчас нямецкай акупацыі спачатку працаваў доктарам у Івянцы на Валожыншчыне. Удзельнічаў у нацыянальным падпольным руху, быў сябрам Беларускай незалежніцкай партыі[1]. З мая 1944 года афіцэр Беларускай краёвай абароны. З ліпеня 1944 года знаходзіўся ў дэсантным батальёне «Дальвіц». Браў удзел у падпольным антыкамуністычным руху, спачатку ў Беларусі, а з 1945 года ў Польшчы, куды прарваўся з групай АК «Лялюся». З лета 1945 года жыў і працаваў доктарам на Беласточчыне. Быў прызваны ў польскае войска, у рангу паручыка служыў старшым палкавым урачом.
14 кастрычніка 1949 года арыштаваны польскай Службай бяспекі і дэпартаваны ў СССР. Зняволенне адбываў у Варкуце. Пасля вяртання ў Беларусь жыў у Рудзенску, працаваў доктарам.
Памёр у 1971 годзе, пахаваны на мясцовых могілках у Рудзенску.