У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Данелія.
Георгій Мікалаевіч Данелія (груз. გიორგი დანელია, 25 жніўня 1930, Тбілісі — 4 красавіка 2019, Масква) — грузінскі і расійскі акцёр
, кінарэжысёр і сцэнарыст. Народны артыст СССР (1989). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1978), Дзяржаўнай прэміі РСФСР імя братоў Васільевых (1981), Дзяржаўнай прэміі Расіі (1996). Творчасці рэжысёра ўласцівыя мяккі гумар, лірызм, паэтычнасць.
У 1955 годзе скончыў Маскоўскі архітэктурны інстытут, у 1954—1955 гадах працаваў архітэктарам у Інстытуце праектавання гарадоў. Цікавіўся кіно, здымаўся ў масоўках і ў 1956 годзе паступіў на Вышэйшыя рэжысёрскія курсы (майстэрня Міхаіла Калатозава), якія скончыў у 1959 годзе.
З 1959 года — рэжысёр-пастаноўшчык «Масфільма». У 1965—1969 гадах — мастацкі кіраўнік «Эксперыментальнага творчага аб’яднання» пры «Масфільме», у 1975—1987 — мастацкі кіраўнік «Эксперыментальнага аб’яднання камедыйных і музычных фільмаў». З 1987 года — прэзідэнт і мастацкі кіраўнік кінастудыі «Рытм» кінаканцэрна «Масфільм».
Дэбютаваў фільмам «Сярожа» (1960, разам з І. Таланкіным). Здымае псіхалагічныя драмы («Шлях да прычала», 1962), лірычныя («Я крочу па Маскве», 1964; «Міміно», 1970), сатырычныя («Трыццаць тры», 1966), фантастычныя камедыі («Кін-дза-дза!», 1987) і трагікамедыі («Не бядуй», 1969; «Афоня», 1975; «Асенні марафон», 1979; «Слёзы капалі», 1983; «Пашпарт», 1990), для якіх характэрны ўвага да сацыяльнай прыроды з’яў і ўчынкаў, спачувальная інтанацыя ў адносінах да герояў.
Жонка — Галіна Іванаўна Юркова-Данелія.