wd wp Пошук:

Генадзь Пятровіч Аўласенка

Генадзь Пятровіч Аўласенка (нар. 16 жніўня 1955, в. Ліпавец, Ушацкі раён, Віцебская вобласць) — беларускі пісьменнік, паэт, драматург.

Біяграфія

Нарадзіўся 16 жніўня 1955 года ў вёсцы Ліпавец Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Беларус. У 1972 годзе скончыў Ушацкую сярэднюю школу. З 1974 па 1976 год служыў ва ўзброеных сілах. Затым скончыў біялагічны факультэт БДУ. Некаторы час жыў і працаваў у Якутыі і Забайкаллі.

Больш за дваццаць гадоў працаваў настаўнікам Вайнілаўскай базавай школы Чэрвеньскага раёна, дзе выкладаў біялогію і хімію. Затым быў рэдактарам аддзела падлеткавай творчасці часопіса «Маладосць». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1999 года. З 2014 года галоўны рэдактар часопіса «Бярозка».

Жыве ў Чэрвені (Мінская вобласць). Жанаты, мае двух дзяцей.

Творчасць

Пісьменніцкай дзейнасцю пачаў займацца даволі позна. Спачатку гэта была выключна паэзія (рускамоўная, затым беларускамоўная), з сярэдзіны 1990-х гадоў захапіўся драматургіяй. П’есы Генадзя Аўласенкі станавіліся лаўрэатамі трох першых рэспубліканскіх конкурсаў беларускай драматургіі, гучалі па беларускаму радыё, друкаваліся ў рэспубліканскіх часопісах і калектыўных зборніках.

Прозу пачаў пісаць значна пазней. Спачатку гэта быў цыкл невялікіх беларускамоўных апавяданняў пад агульнай назвай: «На мяжы рэальнага і фантастычнага». Апавяданні гэтыя неаднаразова друкаваліся ў часопісе «Маладосць», штотыднёвіку «ЛіМ», газетах «Звязда», «Голас Радзімы», «Настаўніцкая газета». Адно з апавяданняў у 2007 годзе стала пераможцам конкурсу апавяданняў, які штогод праводзіць газета «Звязда». У 2008 годзе ў выдавецтве «Ковчег» выйшаў фантастычны раман «История вместо математики».

Шмат піша для дзяцей. Творча супрацоўнічае з дзіцячымі часопісамі: «Вясёлка», «Бярозка», «Рюкзачок». Дзіцячыя вершы, казкі і п’есы Генадзя Аўласенкі неаднаразова гучалі па беларускаму радыё, друкаваліся на дзіцячых старонках часопісаў «Алеся», «Родная прырода», «Лесавічок» і інш.

Казкі Генадзя Аўласенкі ўвайшлі ў зборнікі казак «Чароўныя пацеркі» і «Вежа міру», якія ў 2006—2007 г.г. выйшлі ў «Мастацкай літаратуры», а таксама ў казачны цыкл выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»: «Чырвоная кніга ў казках і вершах» (2007 г.); «Лясная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (2008 г.); «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (2009 г.).

У 2009 годзе ў выдавецтве «Літаратура і Мастацтва» выйшла кніга-казка «Удивительные приключения маленького Ветерка из Вентилятора», у гэтым жа, 2009 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла кнігу-казку «Вася Лайдачкін у Краіне Шкодных Звычак». На прыканцы 2009 года ў серыі «Бібліятэка сучаснай беларускай фантастычнай і прыгодніцкай прозы», якую выдае выдавецтва «Харвест» разам з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, выйшла кніга фантастыкі «Дзікія кошкі Барсума». У 2010 годзе «Новые приключения маленького ветерка из вентилятора» (выдавецтва «Літаратура і мастацтва»). У 2011 годзе беларуская сучасная фантастыка папоўнілася раманам Г. Аўласенкі «Пленники чёрного леса». У 2012 годзе у выдавецтве «Літаратура і мастацтва» выходзіць працяг прыгод «Вецярка з вентылятара» — «Ветерок и госпожа Зима». У 2014 годзе выходзіць зборнік рэальна-містычна-фантастычных апавяданняў «Ключ, які нічога не адмыкае» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), таксама выходзіць у свет яшчэ адзін працяг «Вецярка…» — «Ветерок и Крысиный король» (выдавецтва «Звязда»).

Бібліяграфія

У зборніках

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Нарадзіліся ва Ушацкім раёне
Катэгорыя·Выпускнікі біялагічнага факультэта БДУ
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Драматургі Беларусі
Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі
Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты
Катэгорыя·Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў
Катэгорыя·Нарадзіліся 16 жніўня
Катэгорыя·Паэты Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1955 годзе
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі