wd wp Пошук:

Вікторыя Іванаўна Гранкоўская

Вікторыя Іванаўна Гранкоўская (нар. 5 ліпеня 1996) — палітычная зняволеная, абвінавачаная і асуджаная падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе[1].

Біяграфія

Вікторыя нарадзілася ў вёсцы Касцюкі, Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці. Калі ёй было два гады, бацькоў не стала, таму разам са старэйшым за яе на тры гады братам Яўгенам выхоўвалася бабуляй у гарадскім пасёлку Наваельня. Пасля школы навучалася ў Гродзенскім каледжы мастацтваў, пра што пазней год адпрацоўвала па размеркаванні ў Дзятлаўскай дзіцячай школе мастацтваў[2]. Падчас працы там Вікторыя была адзначана граматай за высокі ўзровень падрыхтоўкі юных мастакоў за ўдзел у абласным пленэры юных мастакоў у Свіслачы, дзе яе вучні атрымалі ўзнагароды[3].

Пасля і да свайго затрымання ў лістападзе 2020 навучалася ў БНТУ, на архітэктурным факультэце, дзе была старастай групы, добра вучылася. Акрамя навучання дадаткова падпрацоўвала ў розных месцах: была нянькай, працавала на атракцыёнах у парку, распрацоўвала візітоўкі і лагатыпы для розных кампаній. Займалася дапамогай бяздомным жывёлам, збірала грошы на іх лячэнне, вазіла па ветэрынарных клініках, знаходзіла гаспадароў[2].

Палітычны пераслед 2020—2022

1 верасня 2020 Вікторыю затрымалі, калі яна збірала подпісы пад петыцыяй да рэктара, у якой прасіла не прымяняць санкцыі да студэнтаў, што ўдзельнічаюць у мірных акцыях. За гэта яна была арыштавана и асуджана на 7 сутак, якія адбывала ў ІЧУ у Жодзіна. 27 кастрычніка яе выклікалі ў рэктарат і азнаёмілі з загадам аб адлічэнні, нягледзячы на тое, што яна добра вучылася і мела 100 % наведвальнасць, атрымлівала павышаную стыпэндыю[4]. Пасля адлічэння Вікторыя была на выпрабавальным тэрміне у архітэктурным бюро, дзе паспела адпрацаваць некалькі дзён да свайго затрымання. Напярэдадні дзяўчына паспела падаць дакументы ў чэшскі ўніверсітэт і запісацца на курсы праграмавання[2].

Асноўны артыкул: Справа студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ 12 лістапада 2020 года Вікторыя Гранкоўская была арыштавана супрацоўнікамі КДБ пасля працоўнага дня, калі яна разам з калегай накіроўвалася дадому. Затрыманне адбывалася ў межах справы студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя альбо ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), пасля чаго была змяшчана пад варту ў СІЗА КДБ, затым была пераведзена ў СІЗА на Валадарскага.

23 лістапада 2020 года сумеснай заявай пятнаццаці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, была прызнана палітычнай зняволенай. У сваёй заяве праваабаронцы адзначылі, што лічаць пазбаўленне волі абвінавачаных па студэнцкай справе адвольным і палітычна матываваным[5][6].

20 студзеня 2021 года сумеснай заявай чатырнаццаці ўкраінскіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Асацыяцыя ўкраінскіх манітораў захавання правоў чалавека ў дзейнасці праваахоўных органаў(укр.) бел., Украінскі Хельсінскі саюз па правах чалавека(укр.) бел., Харкаўская праваабарончая група(укр.) бел., Восток-SOS(укр.) бел., арышт Вікторыі Гранкоўскай, як і іншых затрыманных па гэтай справе студэнтаў, быў прызнаны незаконным і кваліфікаваны як гвалтоўнае знікненне(польск.) бел.[7][8].

11 лютага 2021 года шэфства над палітзняволенай узяў Олівер Качмарэк (Oliver Kaczmarek), дэпутат Бундэстага і чалец Дэлегацыі па сувязям з Беларуссю. З гэтай нагоды ён адзначыў: «Вікторыя Гранкоўская — адна з многіх людзей у Беларусі, якія месяцамі сядзелі за кратамі за мірны пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў, гвалту і рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Каб падтрымаць намаганні па вызваленні Вікторыі Гранкоўскай, я ўзяў на сябе хроснае бацькоўства. Я патрабую, каб яе вызвалілі неадкладна»[9].

24 мая 2021 у судзе падчас апытання сведак начальнік службы бяспекі БНТУ Юрый Ануфрыеў зноў, як і падчас следства, паказаў, што лічыць Вікторыю Гранкоўскую арганізатарам акцый на тэрыторыі БНТУ. На пытанне абаронцы Вікторыі пра тое, што ён спачатку сцвярджаў, што не ведае Вікторыю, а пасля назваў яе арганізатарам, Ануфрыеў засведчыў: «Мне паказваў першы прарэктар (Георгі Вяршына) яе на відэазапісах і сказаў, што яна была арганізатарам»[10].

16 ліпеня 2021 года суд Савецкага раёна Мінска (суддзя — Марына Фёдарава, ужо ўнесеная ў Чорны спіс Еўрасаюза 17 снежня 2020 года за шматлікія палітычна матываваныя прысуды, пракуроры: Анастасія Маліка, Раман Чабатароў) прысудзіў Вікторыі Гранкоўскай, якая не прызнала віну, два з паловай гады пазбаўлення волі[11][12]. Паводле «Белсата», толькі блізкіх сваякоў пусцілі на абвяшчэнне прысуду праз «недахоп месцаў», а да будынка суда сцягнулі тры мікрааўтобусы з АМАПам і патрулі міліцыі*[12]*. У калідоры суда была чарга больш за 50 чалавек; таксама на абвяшчэнне прысуду прыехалі паслы Чэхіі, Швецыі, ЗША і Вялікабрытаніі, але і іх не пусцілі[12].

Адбывала тэрмін зняволення ў гомельскай калоніі[13]. Вызвалілася 30 лістапада 2022 года.

Зноскі

  1. https://prisoners.spring96.org/be/person/viktoryja-hrankouskaja
  2. 1 2 3 https://nashaniva.com/?c=ar&i=267146
  3. http://diatlovonews.by/2017/05/na-maljunkah-belavezhskaja-pushcha/
  4. https://spring96.org/be/news/104204
  5. https://belhelcom.org/ru/news/zayavlenie-protesta-protiv-nastupleniya-na-zadzinochanne-belaruskih-studentau
  6. https://spring96.org/be/news/100557
  7. Заява правозахисних організацій щодо незаконно утримуваних білоруських студентів(укр.) . Асацыяцыя ўкраінскіх манітораў захавання правоў чалавека ў дзейнасці праваахоўных органаў(укр.) бел. (20 студзеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 30 кастрычніка 2021. Праверана 30 кастрычніка 2021.
  8. Правозахисники України закликають міжнародну спільноту захистити незаконно утримуване в Білорусі студентство(укр.) . Новинарня(укр.) бел. (20 студзеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 7 сакавіка 2021. Праверана 30 кастрычніка 2021.
  9. https://www.lphr.org/en/members-of-parliament-from-germany-and-great-britain-take-over-godparenthood-for-viktoryia-hrankouskaya-dzmitry-zheburtovich-and-pavel-drozd/
  10. https://spring96.org/be/news/103522
  11. Неведомская, Татьяна. Родные обвиняемых по “делу студентов”: Приговор не удивляет(руск.) . Deutsche Welle (16 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 21 кастрычніка 2021. Праверана 30 кастрычніка 2021.
  12. 1 2 3 Вынесены прысуд па “справе студэнтаў”: 11 фігурантам — па два з паловай гады калоніі, аднаму — два гады (бел.) . Праваабарончы цэнтр «Вясна» (16 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 27 кастрычніка 2021. Праверана 30 кастрычніка 2021.
  13. https://rada.vision/by/sprava-studenta-etapavanne-figuranta-i-data-razglyadu-apelyacyi

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з украінскай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Нарадзіліся 5 ліпеня
Катэгорыя·Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення праваабарончым цэнтрам «Вясна»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з польскай
Катэгорыя·Палітвязні Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Дзятлаўскім раёне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Справа студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1996 годзе