wd wp Пошук:

Віктар Уладзіміравіч Ярац

Віктар Уладзіміравіч Ярац (23 кастрычніка 1948, пасёлак Красны Мост, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць) — беларускі паэт, літаратуразнавец, крытык.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1966 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У кастрычніку 1968 г. разам з Алесем Разанавым і Львом Барташам выступіў ініцыятарам калектыўнага ліста студэнтаў філфака ў ЦК КПБ на імя Пятра Машэрава. Подпісы пад лістом паставіла большасць студэнтаў факультэта. У лісце патрабавалася перавесці выкладанне на беларускім аддзяленні філфака на беларускую мову. Ліст выклікаў вялікую незадаволенасць партыйнага начальства, яго ініцыятараў бэсцілі на партыйных і камсамольскіх сходах. За студэнтаў заступаліся некаторыя выкладчыкі, у тым ліку Ніл Гілевіч (які быў куратарам іх групы) і Алег Лойка[1]. Леў Барташ прыгадваў, як іх траіх вадзілі да рэктара ўніверсітэта Сеўчанкі і як гэты вучоны-оптык высокага ўзроўню, калі трое толькі пераступілі парог кабінету, адразу пачаў называць іх «буржуазнымі нацыяналістамі»[2]. Пасля таго як Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Валянціна Тоўкун з’ездзілі ў Зэльву да Ларысы Геніюш, два першыя ўзімку 1969 былі выключаны з БДУ праз няздачу заліку па ваеннай падрыхтоўцы (да гэтага яны былі выдатнікамі вучобы). Ярац узгадваў, як яму казалi тады: «Як можа быць, вы ж – не заходнiк, i пайшлi на такое»[3].

З дапамогай Максіма Танка працягнуў навучанне ў Гомельскім педагагічным інстытуце, на базе якога ў 1969 г. быў адкрыты ўніверсітэт (скончыў у 1970). Быў некалькі месяцаў загадчыкам сельгасаддзела рагачоўскай раённай газеты «Камунар». У 1970—1971 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў на Гомельскай студыі тэлебачання. У 1975 г. скончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры Гомельскага ўніверсітэта, у 1976 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю «Рытмічны лад сучаснай беларускай лірыкі»[4]. Працуе выкладчыкам гэтага ўніверсітэта, з 1978 г. — дацэнт.

Творчасць

Першыя вершы апублікаваў у газеце «Піянер Беларусі» ў школьныя гады. Актыўна пачаў выступаць у друку з 1966 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Уваходзіны» (1976), «Добрыца» (бібліятэка часопіса «Маладосць», 1989), «Дняпроўскі бакен» (1992). У 1980 годзе ўступіў у Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Выступае ў перыядычным друку па праблемах развіцця сучаснай беларускай паэзіі. Напісаў вучэбна-метадычны дапаможнік для студэнтаў-філолагаў «Беларускія паэты — лаўрэаты Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій СССР» (Гомель, 1983).

Перакладае творы балгарскіх, літоўскіх, рускіх, украінскіх паэтаў на беларускую мову.

Зноскі

  1. Гілевіч, Ніл. Між роспаччу і надзеяй. Абрыс пройдзенага шляху ў сьвятле адной мары // Дзеяслоў. 2006. №4(23).
  2. Бартош, Леў. Яны баранілі Беларусь // Новы час. 2008. 3 кастрычніка. С. 15.
  3. Ярац, Віктар. «Нашы людзі сачылі за вамі…» // Літаратура і мастацтва. 1993. 1 кастрычніка. С. 14.
  4. Ярец, В. В. Ритмический строй современной белорусской лирики: автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата филологических наук: специальность 10.01.03 Литература народов СССР / Ярец Виктор Владимирович; Академия наук Белорусской ССР, Институт литературы им. Янки Купалы. - Минск, 1976. - 11, [1] с.

Літаратура

Знешнія спасылкі

Асабістая старонка Віктара Яраца на сайце Саюза беларускіх пісьменнікаў Архівавана 20 чэрвеня 2017..

Тэмы гэтай старонкі (23):
Катэгорыя·Перакладчыкі з украінскай мовы
Катэгорыя·Выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта
Катэгорыя·Крытыкі Беларусі
Катэгорыя·Паэты Беларусі
Катэгорыя·Перакладчыкі з літоўскай мовы
Катэгорыя·Перакладчыкі на беларускую мову
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Перакладчыкі з балгарскай мовы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1948 годзе
Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі
Катэгорыя·Выпускнікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ
Катэгорыя·Нарадзіліся 23 кастрычніка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Рэчыцкім раёне
Катэгорыя·Члены Саюза пісьменнікаў Беларусі
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі
Катэгорыя·Кандыдаты філалагічных навук
Катэгорыя·Артыкулы пра вучоных без партрэтаў
Катэгорыя·Літаратуразнаўцы Беларусі
Катэгорыя·Перакладчыкі з рускай мовы
Катэгорыя·Асобы