wd wp Пошук:

Вуглакрыльніца С-белае

Вуглакрыльніца С-белае (Polygonia c-album) — дзённы матылёк з сямейства Німфаліды.

Назва

Названая па адметнай прыкмеце — наяўнасці белай плямы на ніжнім боку задняга крыла ў выглядзе лацінскай літары «c».

Апісанне

Даўжыня пярэдняга крыла імага — 16-29 мм Размах крылаў 40-52 мм. Асноўны фон крылаў вохрыста-рыжы. Задні край пярэдняга крыла з характэрнай паўкруглай выразкай. Палавы дымарфізм выяўлены слаба. Бурая маргінальная перавязь на крылах характарызуецца шэрагам жоўтых лунак. Крылы з ніжняга боку з малюнкам з бурых адценняў, якія імітуюць кару дрэва і з выразным белым значком на вонкавай мяжы цэнтральнага вочка. Цэнтральнае вочка на задніх крылах не замкнёнае. Знешні край крылаў моцна абведзены, з прыкметнымі выступамі на жылках M1 і Cu2 на пярэдніх крылах і на жылках M3 і Cu2 — на задніх.

Характэрная белая пляма на ніжнім боку задняга крыла ў выглядзе лацінскай літары «c»
Яйка
Вусень

Арэал і месцапражыванне

Знешнетрапічная Еўразія да Японіі ўключна, Паўночная Афрыка. Жыве на тэрыторыі ўсёй Усходняй Еўропы акрамя паясу тундраў і пустыняў. Сустракаецца ў разнастайных натуральных біятопах, у лясах, на прасеках, на сельгасугоддзях, на тэрыторыі гарадоў і пасёлкаў і г. д. Падымаецца ў горы да 2000 м над узр. м. Від з’яўляецца актыўным мігрантам.

Біялогія

За год развіваецца ў двух пакаленнях. Біялогія віду досыць цікавая. Матылі выходзяць з кукалак у канцы чэрвеня, пры гэтым сярод асобін з тыповай афарбоўкай прыкладна адну трэць матылькоў складае светлая лётная форма hutchinsoni (Robson). Дадзеная форма адрозніваецца вохрыстай афарбоўкай ніжняга боку крылаў і менш парэзаным бакамі крылаў. Матылі тыповай формы актыўныя да позняй восені, зімуюць і вясной наступнага года лётаюць да пачатку чэрвеня. Асобіны летняй морфы, пераважна, жывуць толькі да канца ліпеня, а іх нашчадкі — другое пакаленне — тое, якое мае тыповую форму, з’яўляецца ў пачатку жніўня і таксама зімуе.

Матылі адрозніваюцца хуткім палётам. У спакоі звычайна садзяцца на лісці дрэў або кустоў, часта склаўшы крылы. Даволі часта, распластаўшы крылы, матылі могуць прымаць «сонечныя ванны». Імага харчуюцца нектарам розных відаў травяністых і хмызняковых раслін, закіслым сокам дрэў і пераспелымі пладамі, ахвотна садзяцца на вільготную глебу па краях лужын і вадаёмаў, а таксама на экскрыменты жывёл. Самцы, ахоўваючы сваю тэрыторыю, ладзяць шлюбныя паядынкі.

Жыццёвы цыкл

Перазімавалыя самкі адкладваюць па аднаму яйку на розныя віды кустоў і травяністых раслін. Стадыя яйка каля 5 дзён. Вусені трымаюцца звычайна на ніжнім боку лісця, радзей могуць змацоўваць яго сагнутыя краі шаўкавінай, робячы прытулак. Вусені акукляюцца на кармавых раслінах або ў хованцы. Кукалка свабодная і прымацоўваецца галавой уніз. Працягласць стадыі кукалкі — 9-15 дзён.

Кармавыя расліны вусеня

Падвіды

Падобныя віды

Зноскі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без ITIS
Катэгорыя·Насякомыя Еўразіі
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Німфаліды
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе