wd wp Пошук:

Витебский голос

«Витебский голос» — штодзённая грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выдавалася з 11 студзеня 1906 да 5(18) чэрвеня 1907 гг. у Віцебску на рускай мове. Выдаўцы барон А. Ф. Розэн, з 1907 г. Г. Тэадаровіч; рэдактары I. І. Пілін, П. Стральцоў, з 1907 г. I. Васільеў.

Да 1907 прытрымлівалася акцябрысцкага кірунку, замяняла неафіцыйны аддзел газеты «Витебские губернские ведомости», хоць аб’явіла сябе прыватнай незалежнай газетай; пазней — прыватная газета ліберальна-кадэцкага кірунку. У 19051906 гг. выступала супраць узброенага паўстання, у фельетонным стылі высмейвала «Зборнік рэвалюцыйных песень», выдадзены ў Віцебску ў 1906 мясцовым камітэтам партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У артыкуле «Табліца рускіх палітычных партый» (2 сакавіка 1906 г.) разгледзела ўвесь спектр палітычных плыняў ад «чорнай сотні» да сацыял-дэмакратаў і анархістаў. Падрабязна інфармавала пра V (Лонданскі) з’езд РСДРП (1907), не раскрываючы прозвішчаў, пераказвала праграмныя выступленні бальшавікоў, меншавікоў і бундаўцаў (11, 17, 19 і 22 мая 1907 г.). У 1907 была апазіцыйнай да ўрада П. Сталыпіна, асуджала жорсткія рэпрэсіі супраць удзельнікаў рэвалюцыі, імперыялістычныя планы царызму ў руска-японскай вайне. Крытыкавала ўрадавую палітыку «адзінай і непадзельнай» Расіі. У арт. «Грамадская тэорыя Сталыпіна» В. А. Кадзеева (16 сакавіка 1907 г.) выступала за культурна-нацыянальную і тэрытарыяльную аўтаномію, якая, на думку аўтара, «не толькі не пацягне за сабой распаду, а, наадварот, маральна і юрыдычна больш цесна звяжа ўсе паасобныя часткі рускай дзяржавы, чым яны звязаны сёння». У нататках «Мясцовае пытанне» (15 лютага 1906 г.) аўтар пад псеўд. «Белоруссъ» выступіў за адраджэнне нацыянальнай свядомасці, мовы і літаратуры беларусаў, але толькі з мэтай вызвалення тутэйшых католікаў з-пад польскага ўплыву і збліжэння Беларусі з Расіяй. Газета вітала выхад «Нашай нівы» як сапраўды народнага выдання, якое не мае нічога агульнага з псеўданароднымі чарнасоценнымі лісткамі («Мясцовая хроніка», 21 студзеня 1907 г.). У тым жа нумары друкавалася рэцэнзія на апавяданне А. Пшчолкі, у якой аўтар Г. Т. (відаць, выдавец Г. Тэадаровіч) раскрытыкаваў «беларускага бытапісальніка» за кансерватызм і рэакцыйныя тэндэнцыі ў паказе сялянскага жыцця. Апрача мясцовых аўтараў, найперш Пшчолкі, газета перадрукоўвала апавяданні, нарысы і артыкулы Л. Талстога, А. Купрына, М. Горкага, М. Салтыкова-Шчадрына, У. Неміровіча-Данчанкі, А. Чэхава, У. Дарашэвіча і інш. Надрукавала артыкулы бельгійскага драматурга М. Метэрлінка «Усеагульнае выбарчае права», у якім аўтар выкрываў крайнасці манархізму і анархізму, парламенцкую дэмакратыю тлумачыў толькі як «часовае вырашэнне» сацыяльна-палітычных праблем. На яго думку, у будучыні людзі зразумеюць, што «грамадскае дабро» лепш ведаюць не выбраныя партыйныя прадстаўнікі, а інтэлектуальная эліта нацыі. Асвятляла тэатральнае і музычнае жыццё горада. У апошнім нумары газета змясціла маніфест імператара Мікалая II ад 3 чэрвеня 1907 г. пра роспуск 2-й Дзяржаўнай думы і змены ў выбарчым законе.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Газеты паводле алфавіта
Катэгорыя·Друкаваныя выданні, якія ўзніклі ў 1906 годзе
Катэгорыя·Друкаваныя выданні, закрытыя ў 1907 годзе
Катэгорыя·Газеты на рускай мове
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Газеты Віцебска
Катэгорыя·Вікіпедыя·Газеты без геаграфічных каардынат