wd wp Пошук:

Васкоўнік звычайны

Васкоўнік звычайны (Myrica gale), таксама мірт балотны, свечная ягада, верас духмяны, верас ягадны, верас воскавы, пахучка, васкоўнік, васкоўніца балотная, мірта [3] — расліна з сямейства васкоўнікавых (Myricaceae). Занесены ў спіс ахоўных відаў. Адзіны прадстаўнік сямейства ў Еўропе.

Назва

Лацінскай назве «Myrica» (Myríke) адпавядае грэчаская назва тамарыску.

Батанічнае апісанне

Батанічная ілюстрацыя з кнігі К. А. М. Ліндмана «Bilder ur Nordens Flora», 1917—1926

Куст вышынёй 1-1,5 м, галінасты, шарападобнай формы. Галіны цёмна-бурыя, густа пакрыты лісцем.

Карані доўгія, паўзучыя.

Лісце ад падоўжана-зваротнаяйкападобных да зваротнаяйкападобных, даўжынёй 2-6 см, шырынёй 0,8-1,5 см, з клінаватым аснаваннем, уверсе завостраныя або закругленыя, на кароткіх хвосціках, зверху цёмна-зялёнае, цьмянае, знізу бялейшае.

Расліна двухдомная. Шышкі з тычынкавымі кветкамі шматлікія, сядзячыя, цыліндрычныя, даўжынёй 0,7-1,6 см, светла-бурыя, сабраны на канцах галін. Песцікавыя шышачкі развіваюцца некалькі пазней тычынкавых, больш кароткія, даўжынёй 0,3-0,5 см падчас цвіцення і 0,6-1,5 см падчас плоданашэння, шчыльныя, авальналанцэтныя, вострыя. Песцікі ніткападобныя, пурпурныя.

Плады — зборныя касцянкі авальна-яйкападобныя, жаўтлявыя, слізістыя, каля 4 мм у дыяметры.

Куст густа пакрыты залозамі. Залозы выдзяляюць эфірныя алеі з α-піненам, ліманенам. Лісце з духмяным, горкім пахам.

Цвіце да распускання лісця ў Еўропе ў красавіку — маі, у Паўночнай Амерыцы ў сакавіку — красавіку. Плоданашэнне ў ліпені — верасні (Еўропа), чэрвені — верасні (Паўночная Амерыка).

Распаўсюджанне

Зверху ўніз.
Мужчынскія веткі.
Жаночыя кветкі.

Сустракаецца практычна на ўсёй тэрыторыі Еўропы, у Японіі, Карэі і ў Паўночнай Амерыцы (ад Аляскі і арктычных раёнаў Канады да ЗША). У Еўропе сустракаецца ўздоўж прыбярэжных раёнаў Вялікабрытаніі, Бельгіі, Нідэрландаў, Польшчы і Даніі, у Германіі па ніжняй даліне Рэйна, у Вестфальскай бухце (Мюнстэрланд, Сэна), усходнім Шлезвігу-Гальштэйну, Нідэрлаўзітцы, Мекленбургу — Пярэдняй Памераніі.

На тэрыторыі Расіі расце на паўночным захадзе еўрапейскай часткі і на Далёкім Усходзе[4].

Васкоўнік звычайны расце пераважна на балотах і вільготных лугах у рэгіёнах з атлантычным кліматам.

Культурнае ўжыванне

Васкоўнікавы шнапс

У Даніі, асабліва ў Ютландыі, дзе васкоўнік звычайны пакуль што дастаткова распаўсюджаны, парасткі расліны з’яўляюцца асноўным кампанентам пры вырабе васкоўнікавага шнапсу (Porsesnaps), упадабанага дзякуючы свайму мяккаму прысмаку.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. http://www.teddybeer.ru/home/library/3-3-3-kim-oldbritish.htm Архівавана 1 студзеня 2007.
  4. Паводле сайта GRIN (гл. картку расліны).

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Кусты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Флора Еўразіі
Катэгорыя·Флора Паўночнай Амерыкі
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Васкоўнікавыя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак