Не блытаць з Валькоўскім сельсаветам.
Валко́ўскі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці Беларусі. Цэнтр — вёска Валкі.
Утвораны 12 кастрычніка 1940 года як Ласіцкі сельсавет у складзе Дунілавіцкага раёна Вілейскай вобласці БССР. Цэнтр — вёска Ласіца. З 20 верасня 1944 года ў складзе Полацкай вобласці. З 8 студзеня 1954 года ў складзе Маладзечанскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаваных Гулідаўскага і Міхайлаўскага сельсаветаў[1]. 27 сакавіка 1959 года ў склад сельсавета з Казлоўшчынскага сельсавета перададзены 6 населеных пунктаў (Лесуны, Ляхаўшчына, Маштаркі, Рудка, Рэчкаўшчына і Сарокі)[2]. З 20 студзеня 1960 года ў складзе Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. 20 мая 1960 года да сельсавета далучана частка скасаванага Струцкага сельсавета (15 населеных пунктаў: Гайдукі, Гаранаўшчына, Гігалы, Гінькі, Глінскія, Заруддзе, станцыя Заўлічы, Курылавічы, Мартулі, Марцінелевічы, Мацейкі, Новыя Заўлічы, Плешкуны, Сасноўшчына і Янчукі), у склад Тумашаўскага сельсавета перададзены 8 населеных пунктаў (Белевічы, Гінькі, Гулідава, Гусакова, Залаўкі, Лапішкі, Падкраеўшчына і Рудакова)[3]. З 25 снежня 1962 года ў складзе Пастаўскага раёна. 20 лістапада 1970 года цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Валкі, сельсавет перайменаваны ў Валкоўскі. На 1 студзеня 1974 года ў складзе Валкоўскага сельсавета было 45 населеных пунктаў[4].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 1071 чалавек[5], з іх 95,4 % — беларусы, 2,8 % — рускія, 1,1 % — палякі[6].