Вадзім Кабанчук (нар. 29 лістапада 1974, Бабруйск, Беларусь) — адзін з заснавальнікаў руху «Зубр» і спартова-патрыятычнай арганізацыі «Край», сябра «Маладога фронту», сябра БХД, палітвязень Беларусі. Намеснік камандзіра палка Каліноўскага.[1]
Вадзім Кабанчук нарадзіўся 29 лістапада 1974 г. у Бабруйску. Скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію ў Мінску.
У 1990-я гады — актывіст «Маладога фронту», актыўна ўдзельнічаў у акцыях апазыцыі.
Актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
12 кастрычніка 1997 г., неўзабаве пасля акцыі «Марш пустых каструляў», В. Кабанчук быў арыштаваны за ўдзел у акцыях апазіцыі 10 сакавіка і 23 сакавіка 2007 г. з нагоды Дня Волі. Амаль шэсць месяцаў правёў у СІЗА-1 у Мінску. Яго спрабавалі катаваннаямі схіліць да супрацоўніцтва з КДБ.
В. Кабанчуку прад’явілі абвінавачванні па арт. 186.3 КК РБ — «арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», і арт. 187 ч. 2 КК РБ — «супраціў супрацоўніку міліцыі пры выкананні ім службовых абавязкаў, звязаны з гвалтам альбо пагрозай прымянення гвалту».Яго абвінавацілі ў нападзе на капітана міліцыі ў цывільным, які рабіў відэаздымкі падчас дэманстрацыі 23 сакавіка 1997 г.
Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін 14 снежня 1997 г. напісаў і прысвяціў сябрам «Маладога Фронта», якія знаходзіліся ў зняволенні, Аляксею Шыдлоўскаму, Вадзіму Лабковічу і Вадзіму Кабанчуку верш «Люблю Беларусь!»
23 снежня 1997 г. выканаўчы дырэктар Хьюман Райтс Вотч звярнуўся да А. Лукашэнкі з заклікам спыніць пераслед і незаконныя арышты сяброў арганізацыі
«Малады фронт» Вадзіма Лабковіча, Аляксея Шыдлоўскага і Вадзіма Кабанчука.[2]
27 сакавіка 1998 г. суд прызнаў яго вінаватым у парушэнні грамадскага парадку і супраціўленні міліцыі і асудзіў да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Вызвалены ў зале суда.
Узначальваў заснаваную ў кастрычніку 1998 г. спартова-патрыятычную арганізацыю «Край» радыкальнага накірунку, якая ўтварылася з спартовага аддзелу «Маладога Фронту» — СПА «КРАЙ».[3]
На працягу 2001 г. В.Кабанчук удзельнічаў у працы грамадскай камісіі па расследаванні выкраданняў вядомых беларускіх апазіцыйных дзеячаў Ю.Захаранкі і В.Ганчара, бізнэсмэна А. Красоўскага і журналіста Д.Завадскага.[4]
У 2002 г. В. Кабанчук папрасіў палітычнага прытулку ў Бельгіі. В. Кабанчук браў актыўны ўдзел у жыцці беларускай дыяспары. Быў адным з арганізатараў «Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання» ў Бельгіі. Закладзенае ў г. Антверпене 26.05. 2003 г.[5][6]
Праз некалькі гадоў вярнуўся ў Беларусь. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. падтрымліваў А. Мілінкевіча.
У прэзідэнцкія выбары 2010 г. быў актывістам штаба кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага. Удзельнік Плошчы-2010. 13 лютага 2011 г. В. Кабанчук быў затрыманы на беларуска-літоўскай мяжы ўвечары 13 лютага за тое, што вёз з сабой брашуры аб падзеях у краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў. Суткі яго пратрымалі ў Ашмянскім РАУС, спрабуючы абвінаваціць у супраціве супрацоўнікам мытні. Пазней перавезлі ў Мінск у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вул. Акрэсціна. Суд Маскоўскага раёна Мінска(бел. (тар.)) бел. асудзіў В. Кабанчука на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у падзеях 19 снежня 2010 г. у Мінску. Падчас арышту яго некалькі разоў вазілі на допыты ў КДБ як сведку па справе аб «масавых беспарадках», узяўшы падпіску аб неразгалошванні.
Сябра аргкамітэту грамадскай кампаніі Народны сход, якая разгарнулася ў 2011 г. 07 кастрычніка 2011 г. быў затрыманы ў Мінску на машыне з улёткамі з праектам рэзалюцыі Народнага сходу, які мусіў адбыцца 08 кастрычніка 2011 г. 40 тысяч улётак былі канфіскаваныя.[7]
25 сакавіка 2012 г. В. Кабанчук быў затрыманы перад пачаткам акцыі, прысвечанай Дню Волі, каля Опернага Тэатра ў Мінску. У яго аўтамабілі знаходзіліся візуальныя матэрыялы і расцяжкі, якія планавалася выкарыстоўваць падчас шэсця. Кабанчука пратрымалі ў РУУС Цэнтральнага раёна Мінска каля шасці гадзін і вызвалілі без тлумачэння прычынаў затрымання. Аўтамабіль, якім ён кіраваў падчас затрымання, застаўся ў міліцыі. Яго праверылі на магчымасць угону.[8]
В. Кабанчук апошнія гады знаходзіцца ва Украіне. Удзельнічае ў ваенных дзеяннях на Усходзе Украіны як добраахвотнік на баку Украіны.[9] З сакавіка 2022 года намеснік камандзіра Батальёну імя Кастуся Каліноўскага, які пазней быў ператвораны ў полк.[10]
Узнагароджаны Нацыянальнай прэміяй у галіне абароны правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча за 2016 год.[11][12]