Бо́ўшава[1] (трансліт.: Boŭšava, руск.: Бовшево) — вёска ў Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Дашкаўскага сельсавета. Размешчана за 29 км на поўдзень ад Магілёва, за 12 км ад чыгуначнай станцыі Дашкаўка на лініі Магілёў—Жлобін. Рэльеф раўнінны, на захадзе і ўсходзе мяжуе з лесам. На ўсходзе цячэ р. Лахва (прыток р. Дняпро). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы Магілёў—Бабруйск.
Вядома ў Расійскай імперыі з XVIII ст. У 1777 годзе вёска ў Старабыхаўскім павеце.
У 1880 годзе частка вяскоўцаў займалася кравецкім промыслам. У 1908 годзе адкрыта земская школа, для якой у тым жа годзе пабудавана памяшканне.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яе разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 года вёску вярнулі БССР, з 17 ліпеня 1924 года ў Магілёўскім раёне Магілёўскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці.
На базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа І-й ступені, у якой у 1925 годзе было 52 вучні, дзейнічаў ленінскі куток. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Новы будаўнік».
У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1975 годзе да вёскі далучана в. Боўшавец. У 1990 годзе ў складзе калгаса «Чырвоная зорка» (цэнтр — в. Дашкаўка). Размяшчаліся вытворчая брыгада і ферма буйной рагатай жывёлы, дзейнічалі клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін. У 2007 годзе працаваў магазін.
Планіровачна складаецца з працяглай крывалінейнай вуліцы з завулкамі, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход і забудаванай двухбакова, шчыльна традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.