wd wp Пошук:

Бадага

Бадага (саманазва படகர்) — адна з найвялікшых племянных груп на поўдні Індыі. Жывуць на тэрыторыі штатаў Тамілнад, Карнатака, Керала. Агульная колькасць — 218 тыс. чалавек[1].

Паходжанне

Бадага мігрыравалі ў сваё асноўнае месца рассялення, горную мясцовасць на тэрыторыі сучаснага штата Тамілнад, прыкладна ў XVI — XVIII стст. з тэрыторыі сучаснага штата Карнатака. Моўна блізкія да канада. На мове канада іх саманазва значыць «поўнач» або «з поўначы». Генетычныя даследаванні паказваюць, што ў мінулым бадага мелі шчыльныя кантакты з індаеўрапейскімі народамі[2].

Традыцыйная культура

Асноўны гаспадарчы занятак — тэрасавае земляробства. Важную ролю таксама адыгрывае жывёлагадоўля. Бадага разводзяць буйвалаў, ад якіх атрымліваюць малако. Як і ў іх суседзяў-тода, жывёлагадоўля лічыцца выключна мужчынскім заняткам. Жанчыны і дзеці таксама практыкуюць збіральніцтва. У наш час многія бадага працуюць за межамі абшчын у гарадах і на плантацыях.

Вёскі бадага невялікія. Жытлы цагляныя або глінабітныя, разлічаныя на некалькі сем’яў. Статкі трымаюць у каменных загонах каля асноўнага жытла. Будуюць таксама часовыя жытлы з трыснягу або ветак для жанчын, дзе тыя праводзяць «нячыстыя дні».

Традыцыйная вопратка ўключае доўгія белыя накрыўкі (у мужчын яны арнаментаваны). Жанчыны таксама абгортваюць цела белай тканінай ад грудзей да кален. Мужчыны носяць цюрбаны. Сярод жанчын прынята рабіць татуіроўку, дзяўчынам голяць валасы (пакідаюць толькі чубок).

Хаця бадага спавядаюць індуізм, падзел на касты не мае істотнага значэння. Іншыя індуісты нават вызначаюць бадага як асобную касту. Захаваўся падзел на буйныя экзагамныя роды кула. Сем’і вялікія пашыраныя. Главой заўсёды з’яўляецца мужчына, аднак бадага не забараняюць паўторныя шлюбы для ўдоў. Палігамія практыкуецца рэдка. Вясельны абрад цягнецца некалькі дзён, пачынаецца ў доме нявесты і канчаецца ў доме жаніха. Аддаюць перавагу шлюбу з стрыечнымі сваякамі, з дачкой сястры бацькі або з дачкой брата маці[3].

Да пахаванняў рыхтуюцца загадзя. Памерлых спальваюць або хаваюць седзячы.

Рэлігія

Веруючыя бадага з’яўляюцца індуістамі-шываітамі.

Зноскі

  1. Badaga
  2. Are badagas from central europe? What DNA says?
  3. Badaga Marriages

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Народы Індыі
Катэгорыя·Народы Азіі
Катэгорыя·Дравідыйскія народы