Аўгуст Саксонскі, Аўгуст Сас, Фрыдрых Аўгуст ІІ, Аўгуст ІІІ (17 кастрычніка 1696, Дрэздэн, Дрэздэн, Саксонія — 5 кастрычніка 1763, Дрэздэн, Саксонія) — курфюрст саксонскі, кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1733-1763). Сын Аўгуста Моцнага.
Пасля смерці 1 лютага 1733 Аўгуста Моцнага было абвешчанае беcкаралеўе. На каралеўскі сталец з дапамогай Францыі прэтэндаваў Станіслаў Ляшчынскі. Аўгуст хоць і не меў вялікай падтрымкі ў Рэчы Паспалітай, пачаў з дапамогай Расіі здабываць сабе карону. 20-тысячнае расійскае войска перайшло межы Рэчы Паспалітай і рушыла яму на дапамогу. У гэты час нібы пачала свой рух і невялікая французская дапамога Ляшчынскаму, ён сам, пераапрануўшыся гандляром, праехаў праз Германію і нечакана для ўсіх з’явіўся ў Кракаве падчас Элекцыйнага сойму, на якім прысутнічала дваццаць тысяч шляхты. 12 верасня 1733 прымас абвясціў Станіслава каралём. Аднак вайсковай дапамогі ў яго не было і ён не мог супрацьстаяць расійскім войскам, якія праз некалькі дзён з’явілася каля Кракава. Станіслаў вымушаны быў уцячы да мора ў Гданьск, каб чакаць французскай дапамогі. 5 кастрычніка 1733 у Кракаве з дапамогай расійскіх войскаў новым каралём быў абраны і неўзабаве каранаваны Аўгуст Саксонскі.
Пры Аўгусце ажывілася культурнае і эканамічнае жыццё, пачалася адукацыйная рэформа. Але ў час яго валадарання ў краіне пашырылася феадальная анархія, пачаўся палітычны крызіс. Цэнтральная ўлада не дзейнічала, магнаты праводзілі сваю незалежную палітыку. 3-за дзяржаўнай і палітычнай дэзарганізацыі Рэч Паспалітая трапіла ў залежнасць ад суседніх дзяржаў, асабліва Расіі. Валадарства саксонскай дынастыі, і ў прыватнасці Аўгуста Саса, не мінула бясследна і для простага люду, нарадзіўшы каларытныя прымаўкі, напрыклад: «За караля Саса наеліся хлеба і мяса», «За караля Саса папушчай паса».
У 1719 годзе ён ажаніўся з Марыі Жазефе Аўстрыйскай (1699—1757), дачкой імператара Іосіфа I. У іх было 14 дзяцей, 3 з якіх памерлі ў дзяцінстве.
Аўгуст Саксонскі на Вікісховішчы |