wd wp Пошук:

Арцём Сяргеевіч Дубскі

Арцём Сяргеевіч Дубскі (нар. 1 кастрычніка 1987, Асіповічы, Беларусь) — кіраўнік асіповіцкай філіі «Маладога фронта», вязень сумлення[1], беларускі палітвязень.

Біяграфія

Нарадзіўся 1 кастрычніка 1987 г. у Асіповічах, Магілёўскай вобласці. Вучыўся ў сярэдняй школе, пасля скончыў асіповіцкі прафесійны ліцэй па спецыяльнасці бухгалтаравед. Далучыўся да «Маладога Фронта» ў студзені 2006 г.

У студзені 2008 г. арыштаваны на 15 сутак за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў, якая прайшла ў цэнтры Мінска 10 студзеня 2008 г. За ўдзел у гэтай акцыі было прад’яўлена абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК РБ — «арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Статус падазраванага, а пасля і абвінавачанага, па дадзенай крымінальнай справе атрымалі 14 моладзевых актывістаў: Міхась Пашкевіч, Таццяна Цішкевіч, Міхась Субач, Алесь Чарнышоў, Алесь Стральцоў, Павел Вінаградаў, Аляксей Бондар, Аляксандр Баразенка, Максім Дашук, Уладзімір Сяргееў, Міхась Крываў, Антон Койпіш і Андрэй Кім. Большасць гэтых актывістаў былі прыцягнутыя да адміністрацыйнага арышту тэрмінам да 15 сутак за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў, а Таццяна Цішкевіч правяла за кратамі ажно 20 сутак. У грамадстве крымінальная справа атрымала назву «працэс 14-ці» (альбо «справа 14-ці») і расцягнулася амаль на год.

22 красавіка 2009 г. суд Цэнтральнага раёна Мінска (суддзя — Алена Ільіна) прызнала Дубскага вінаватым у здзяйсненні крымінальнага злачынства па ч. 1 арт. 342 КК РБ і вынесла пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу.

У траўні 2009 г. Міжнародная амністыя абвясціла вязнямі сумлення ўсіх асуджаных да абмежавання волі фігурантаў «працэса 14-ці», у тым ліку і Дубскага.[2]

У кастрычніку 2008 г. А. Дубскі з’ехаў ва Украіну ў выніку ўзбуджэння ў дачыненні да яго новай крымінальнай справы. На той момант яму было вынесена тры папярэджанні за парушэнне рэжыма адбыцця пакарання. Неўзабаве павінен быў адбыцца суд. Жыў у Жытоміры. Адразу звярнуўся да ўкраінскіх уладаў з просьбай даць палітычны прытулак, затым адклікаў просьбу.

13 лютага 2009 г. вярнуўся ў Беларусь, збіраўся ўдзельнічаць у акцыі Маладога Фронта 14 лютага на Дзень святога Валянціна. На беларуска-ўкраінскай мяжы беларускімі памежнікамі зняты з цягніка і адпраўлены ў следчы ізалятар у г. Асіповічы, па месцы жыхарства.[3] Новая крымінальная справа была ўзбуджаная паводле арт. 216 ч. 1 КК РБ (нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу) за нібыта карыстанне чужой сім-картай і нанясенне стратаў кампаніі А1. Падчас судовага працэсу 3 сакавіка 2009 г. адбылося прымірэнне бакоў, справа завяршылася штрафам. Нягледзячы на гэтыя абставіны, актывіста пакінулі за кратамі, абвінаваціўшы ўжо па арт. 415 КК РБ (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі).[4]

15 красавіка 2009 г. Дубскага вызвалілі з Бабруйскага следчага ізалятара пад падпіску аб нявыездзе — да новага суда.

7 ліпеня 2009 г. суд Асіповіцкага раёна(бел. (тар.)) бел. (суддзя — Жана Шарабайка), прызначыў актывісту шэсць месяцаў у калоніі агульнага рэжыма па арт.415 КК РБ, а таксама узяў пад увагу, што ён не адбыў год абмежавання волі з папярэдняга прысуду 2008 г. Суддзя змяніла пакаранне з абмежавання волі на ўтрыманне ў калоніі як два дні за адзін дзень. Такім чынам ён быў асуджаны на год пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыма. Адразу пасля абвяшчэння прысуду Дубскі быў узяты пад варту і 13 ліпеня 2009 г. змешчаны ў бабруйскі СІЗА.[5] 20 ліпеня 2009 г. ў знак пратэсту супраць жорсткага абыходжання абвясціў галадоўку, спыніў яе праз тры дні, калі адносіны адміністрацыі змяніліся да лепшага.

Судовая калегія Магілёўскага абласнога суда 20 жніўня 2009 г. не задаволіла касацыйную скаргу Дубскага, падрыхтаваную адвакатам Тамараю Сідарэнка.[6] З 28 жніўня 2009 г. адбываў пакаранне ў калоніі № 19 г. Магілёва. За час знаходджання ў калоніі Дубскаму было вынесена шэсць папярэджанняў.

20 студзеня 2010 г. «Human Rights Watch» прызнала Дубскага разам з Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімірам Асіпенка і Юрыем Лявонавым палітвязнямі.[7]

25 мая 2010 г. выйшаў на волю.[8]

У лістападзе 2010 г. ў Жытоміры ва Украіне, у кватэру, дзе Дубскі пражываў разам з уцекачом з Беларусі, грамадскім актывістам Ігарам Коктышам[9] і ягонай жонкаю, уварваліся супрацоўнікі міліцыі, паведамілі, што шукаюць наркотыкі і зброю. Усіх затрымалі на трое сутак, затым выпусцілі без прад’яўлення абвінавачвання. Дубскі разам з прадстаўнікамі Міжнароднай Амністыі звяртаўся да рэгіянальнага прадстаўніка Упраўлення вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў ва Украіне. Прасіў аб міжнароднай абароне ад украінскіх і беларускіх сілавікоў.[10]

З 2011 года жыве ў Польшчы. Быў адным з арганізатараў дзён беларускай культуры ва Уроцлаве.[11]

У кастрычніку 2013 г. стала вядома, што знаходзіцца ў Беларусі ў вышуку. За што невядома, бо не пражывае на тэрыторыі Беларусі.[12]

Узнагароды і прэміі

Літаратура

Зноскі

  1. https://www.svaboda.org/a/1734258.html Што азначае прызнаньне беларускіх удзельнікаў «працэсу 14» вязьнямі сумленьня?
  2. https://www.svaboda.org/a/1734258.html Што азначае прызнаньне беларускіх удзельнікаў «працэсу 14» вязьнямі сумленьня?
  3. https://www.svaboda.org/a/1492720.html Затрыманы Арцём Дубскі
  4. https://news.tut.by/politics/131153.html Архівавана 20 чэрвеня 2009. Фигуранту «дела четырнадцати» официально предъявлено обвинение
  5. https://news.tut.by/society/141984.html Архівавана 9 верасня 2009. Молодофронтовец Артем Дубский приговорен к году лишения свободы в колонии общего режима
  6. https://www.svaboda.org/a/1803728.html Дубскі застаецца за кратамі
  7. https://www.svaboda.org/a/1934852.html «Human Rights Watch» прызнала новых палітвязьняў у Беларусі
  8. http://naviny.by/rubrics/society/2010/05/25/ic_articles_116_167945 Артем Дубский вышел на свободу
  9. https://www.svaboda.org/a/24895884.html Коктыш пра затрыманьне Інтэрполам: «Прымусілі зьняць нават майткі»
  10. https://www.svaboda.org/a/2220911.html Арцём Дубскі і Ігар Коктыш зьвярнуліся ў ААН па абарону.
  11. https://belaruspartisan.by/politic/244317/ Бывший политзаключенный Дубский объявлен в розыск
  12. http://www.nv-online.info/by/418/politics/70170/ Архівавана 24 чэрвеня 2017. Бывший политзаключенный Артем Дубский объявлен в розыск
  13. https://www.svaboda.org/a/1900897.html Вызначаны ляўрэаты Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека
  14. Прэмію «Люблю Беларусь» нарэшце ўручылі ляўрэатам (бел.) . Радыё Свабода (20 лютага 2010). Архівавана з першакрыніцы 20 сакавіка 2021. Праверана 20 сакавіка 2021.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з тарашкевіцы
Катэгорыя·Вязні сумлення
Катэгорыя·Палітвязні Беларусі
Катэгорыя·Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення арганізацыяй Amnesty International у Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся 1 кастрычніка
Катэгорыя·Удакладненне арфаграфіі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1987 годзе