wd wp Пошук:

Археалагічныя мікратапонімы

Археалагічныя мікратапонімы — народныя назвы помнікаў археалогіі, элементы этнакультурнага ландшафту, якія адлюстроўваюць міфапаэтычныя ўяўленні старажытных людзей. Амаль пра кожнае гарадзішча і курганны могільнік існуюць паданні, часам у некалькіх варыянтах, якія тлумачаць іх спецыфічныя назвы.

Сярод назваў гарадзішчаў шырока распаўсюджаны Гарадок, Гарадзец, Гарадзішча, Замак, Ахоп, Батарэя, Татарская гара, Французская гара. З язычніцкімі вераваннямі звязаны назвы Капішча, Акураўшчына, Акунь-Гара, Дымакуры, Ігрышча, Гуслішча, Дзявочая Гара. Вядомы назвы, звязаныя з рэальнымі гістарычнымі персанажамі: Гара Рагвалода і Рагнеды (в. Перавоз Расонскага раёна), Гара князя Багуміла (в. Качановічы Нясвіжскага раёна), Замак каралевы Боны (гарады Мядзел, Рагачоў) і інш.

Для курганных могільнікаў найбольш характэрны назвы Валатоўкі, Капцы, Курганы. Часам яны маюць яшчэ і дублетныя назвы: Татарскія магілы, Шведскія магілы, Французскія магілы, Французскія валатоўкі. Асобнай назвай звычайна вылучаюцца вялікія насыпы (Волатава магіла, Княжая магіла, Дзявіч-Гара), а таксама адзіночныя курганы (Асілкава магіла, Магіла Міндоўга, Магіла Войшалка). Адметныя назвы маюць курганна-жальнічныя могільнікі (Галодныя магілы, Галоднік), каменныя магілы (Баярскія могілкі, Паганскія магілы, Яцвяжскія магілы), жальнікі (Халернік, Аўстрыйскія магілы, Жалі).

Захаваліся назвы месц старых могільнікаў — Кладавішча, Паганскі цвінтар, Чумныя могілкі, Мёртвае Поле; паселішчаў — Сяльцо, Гарадшчызна, Бабулін Бугор. Народныя назвы характэрны і для культавых камянёў — Божы камень, Чортаў камень, Волат, Пярун, Быкі, Кравец, Шавец; каменных крыжоў — Крыж-Баба, Кацярынінскі крыж, Каралеўскі камень, Растучы крыж.

Сувязь пэўных тапонімаў з наяўнасцю археалагічных аб’ектаў улічваецца пры правядзенні археалагічнай разведкі.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Археалогія ў Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Ізаляваныя артыкулы/сірата0
Катэгорыя·Тэорыя археалогіі