У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Снітка.
Андрэ́й Канстанці́навіч Сні́тка (1866, Вільня — 13 сакавіка 1920) — беларускі археолаг, этнограф, краязнавец.
Скончыў Рыжскі політэхнічны інстытут (1888). Вёў раскопкі ў Мінскім, Барысаўскім і Ігуменскім паветах, у Мінску, Тураве, Слуцку.
З 1908 года сакратар, з 1909 года старшыня Мінскага царкоўнага гістарычна-археалагічнага камітэта, узначальваў Мінскі царкоўна-археалагічны музей. З 1915 года выкладаў у гімназіі ў Чарнігаўскай губерні[1]. Пад рэдакцыяй А. К. Сніткі выйшаў каталог найбольш каштоўных калекцый музея — старадрукаў і рукапісаў.
Удзельнічаў у выданні «Мінскай даўніны», у адным з выпускаў якога апісаў даследаванні ў Тураве і дакументы Слуцкага Свята-Траецкага (Трайчанскага) манастыра, у тым ліку Слуцкае Евангелле.
Выканаў апісанне Мінска XVII стагоддзі, склаў радавод слуцкіх князёў Алелькавічаў.
У «Мінскай даўніне» і ў зборы матэрыялаў для музея з А. Сніткам супрацоўнічалі А. Паноў, Л. Савелаў, Ісак Сербаў, Д. Скрынчанка, У. Сразнеўскі і інш.