Аляксандр Сцяпанавіч Астрамовіч (псеўданім Андрэй Зязюля; 26 лістапада (7 снежня) 1878, в. Навасады (цяпер Ашмянскі раён) — 17 студзеня 1921) — беларускі паэт, каталіцкі святар.
Пасля заканчэння павятовага вучылішча ў Ашмянах служыў у расійскім войску. У 1905—1910 гг. вучыўся ў каталіцкай духоўнай семінарыі ў Пецярбургу, дзе пад уплывам земляка Адама Лісоўскага ўсвядоміўся як беларус, далучыўся да беларускай нацыянальнай ідэі. У час вучобы арганізаваў аб’яднанне клірыкаў-беларусаў.
Служыў ксяндзом у мястэчках Трабы, Ракаў, Свержань, Анопаль, Смілавічы, Сянно. Выступаў за беларусізацыю каталіцкага касцёла ў Беларусі, пачаў гаварыць касцельныя казанні да вернікаў па-беларуску. 26 лістапада 1914 на пахаванні ў Кухцічах князя Мікалая Радзівіла, мужа Магдалены Радзівіл, вёў надмагільную прамову па–беларуску[1]. Пераследаваўся касцельнымі ўладамі за прыхільнасць да роднага слова, што стала прычынай частай перамены месца службы, два гады быў без парафіі.
Адзін з арганізатараў і ўдзельнік з’езда беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску (24-25 мая 1917), сябра Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці.
Актыўны папулярызатар беларускай каталіцкай ідэі на старонках перыядычнага друку. Быў адным з ініцыятараў выдання газеты Biełarus (хаця ў склад рэдакцыі не ўваходзіў), якая пачала выходзіць у студзені 1913 у Вільні лацінкай.
Друкаваў вершы з 1909 у газетах «Наша ніва», «Biełarus», «Krynica», «Вольная Беларусь», «Świetač», «Белорусская рада», «Беларускае жыццё». Выдаў зборнік паэзіі «З роднага загону» (Вільня, 1913, 2-ое дапоўненае выданне 1931), паэму «Слова праўды аб мове і долі беларуса» (Прага, 1917). Выйшла яго вершаванае апавяданне «Аленчына вяселле» (Вільня, 1923). Творчасць паэта прасякнута хрысціянскім светапоглядам, у ёй дамінуе патрыятычная тэма, ідэя адраджэння Беларусі, вера ў яе лепшую будучыню.
Аўтар беларускага рэлігійнага гімна «Божа, што калісь народы…».
Збіраў народныя песні, якія разам з запісамі Антона Грыневіча склалі зборнік «Беларускія песні з нотамі» Т. 2. (Пецярбург, 1912).