У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Русецкі.
Анатоль Максі́мавіч Русе́цкі (нар. 14 лютага 1951, Барысаў, Мінская вобласць) — беларускі дзяржаўны дзеяч, былы Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь (2010—2012), міністр прамысловасці Рэспублікі Беларусь (2003—2009), Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях (2002-2003), доктар тэхнічных навук, прафесар.
У 1973 годзе скончыў Беларускі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці Прыборы дакладнай механікі і атрымаў кваліфікацыю «Інжынер-механік».
З 1973 па 1977 год працаваў канструктарам — вядучым канструктарам ў Акадэміі Навук рэспублікі, з 1977 па 1981 год — вядучым канструктарам ВКБ «Імпульс» міністэрства радыёпрамысловасці СССР.
З 1981 года па 1997 год працаваў у Навукова-вытворчым аб’яднанні «Планар», у 1989—1992 гадах галоўным інжынерам завода «Электронмаш», дырэктарам гэтага завода, а з 1992 па 1997 — прэзідэнтам канцэрна «Планар».
8 ліпеня 1997 годзе быў прызначаны намеснікам Міністра прамысловасці Рэспублікі Беларусь[1], а ў 2002 годзе — першым намеснікам Міністра прамысловасці Рэспублікі Беларусь.
З 14 чэрвеня 2002 па 24 снежня 2003 года працаваў Старшынёй Камітэта па навуцы і тэхналогіях пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь[2][3].
З 24 снежня 2003 года — міністр прамысловасці Рэспублікі Беларусь[3]. 26 чэрвеня 2009 года адпраўлены ў адстаўку[4].
У снежні 2009 года быў прызначаны на пасаду дырэктара Інстытута цепла- і масаабмену Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
29 снежня 2010 года быў прызначаны Старшынёй Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.[5]
23 кастрычніка 2012 быў вызвалены з пасады ў сувязі з пераходам на выбарную пасаду — намесніка Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь[6].
Аўтар больш за 70 навуковых прац, 13 аўтарскіх пасведчанняў.
Жанаты. Мае двух сыноў.