wd wp Пошук:

Амадэй VI

Амадэй VI Зялёны (італ.: Amedeo Il Conte Verde; 4 студзеня 1334, Шамберы — 1 сакавіка 1383, Кампабаса) — граф Савойскі з 1343 па 1383 гады, старэйшы сын графа Аймона Міралюбнага і яго жонкі Іаланды Манферацкай. Амадэй быў выдатным палкаводцам і кіраўніком, які істотна пашырыў тэрыторыю Савойскага графства і паспяхова манеўраваў паміж дзвюма вялікімі дзяржавамі, Францыяй і Свяшчэннай Рымскай імперыяй. Ён быў вельмі рэлігійным чалавекам, змагаром за высокія ідэалы рыцарства, апекаваў Петрарку і Гіёма дэ Машо[5].

Біяграфія

Амадэй атрымаў у спадчыну тытул графа Савойскага ў дзевяць гадоў. У 1348 годзе ён узяў кіраванне графствам у свае рукі. Яму адразу давялося душыць мецяжы ў гарадах П’емонта, а ў 1352 годзе — у Швейцарыі. У 1355 годзе Амадэй ажаніўся са швагеркай дафіна Карла (пазней караля Францыі Карла V), Бонай дэ Бурбон. Шляхам заваяванняў і пакупак да 1360 года Амадэй пашырыў свае ўладанні ў заходніх Альпах, пазней ён далучыў да іх тэрыторыі на італьянскім баку гор.

У 1366 годзе Амадэй адгукнуўся на заклік Папы Рымскага Урбана V пачаць крыжовы паход супраць турак. Ён з невялікай арміяй з 1500—1800 чалавек адбіў у асманаў паўвостраў Галіпалі, захоплены імі ў 1354 годзе[6]. Паўвостраў быў вернуты візантыйцам, аднак праз некалькі гадоў асманы зноў занялі Галіпалі.

Затым у 1366 годзе Амадэй адправіўся ваяваць з Балгарскім царствам. Высадзіўся на чарнаморскім узбярэжжы, захапіў некалькі балгарскіх гарадоў, аблажыў Варну, і вымусіў балгарскага цара Іаана-Аляксандра вызваліць палоннага візантыйскага імператара Іаана V Палеалога, які даводзіўся Амадэю стрыечным братам[6]. Амадэй пераканаў Іаана звярнуцца да Папы Рымскага па дапамогу ў вайне з туркамі.

У ліпені 1372 года Амадэй выступіў супраць міланскіх Вісконці ў складзе кааліцыі, на чале якой стаялі Папа Грыгорый XI, кіраўнікі Манферата, Эстэ і Карары, каралева Неапаля, а таксама Генуэзская і Фларэнційская рэспублікі. Амадэю ўдалося абараніць ад міланцаў горад Асці і пры дапамозе Джона Хоквуда разбіць іх войскі. Задаволіўшыся гэтымі поспехамі Амадэй выйшаў з кааліцыі і памірыўся з Вісконці. Неўзабаве ён далучыў да сваіх уладанняў істотную частку Манферата, хоць горад Асці за сабой захаваў Джан Галеаца Вісконці, які даводзіўся Амадэю пляменнікам.

Дзякуючы свайму высокаму аўтарытэту Амадэй неаднаразова выступаў у якасці арбітра для вырашэння спрэчак паміж кіраўнікамі Паўночнай Італіі. Пры яго пасродніцтве ў 1381 годзе быў заключаны мірны дагавор паміж Генуэзскай і Венецыянскай рэспублікамі, які паклаў канец Вайне К’ёджы.

Амадэй у апошнія гады жыцця марыў арганізаваць новы крыжовы паход у Святую зямлю, але гэтым планам не наканавана было збыцца[5]. У 1382 годзе авіньёнскі Папа Клімент VII папрасіў Амадэя выступіць супраць Карла Дураца, абвешчанага каралём Неапаля рымскім Папам Урбанам VI, і аказаць дапамогу каралеве Джаванне. У чэрвені 1382 года Амадэй выступіў у паход, які з прычыны хвароб і голаду ўграз у Паўднёвай Італіі. Сам Амадэй сканаў у пачатку 1383 года ад хваробы ў Кампабаса.

Зноскі

  1. 1 2 Lundy D. R. Amadeo VI Conte di Savoia // The Peerage Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Amadeus VI. (Amadeus) // Brockhaus Enzyklopädie / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag
  3. Amadeus VI // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  5. 1 2 Key Figures in Medieval Europe: An Encyclopedia / Richard K. Emmerson (Editor). — Routledge, 2005. — С. 33—35. — ISBN 978-0415973854.
  6. 1 2 The Oxford Dictionary of Byzantium / Alexander P. Kazhdan (Editor). — Oxford University Press, 1991. — С. 72. — ISBN 978-0195046526.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Савойская дынастыя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Памерлі ў Малізэ
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Графы савойскія
Катэгорыя·Памерлі ў 1383 годзе
Катэгорыя·Кіраўнікі Еўропы XIV стагоддзя
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Шамберы
Катэгорыя·Нарадзіліся 4 студзеня
Катэгорыя·Памерлі 1 сакавіка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1334 годзе
Катэгорыя·Савойская дынастыя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных