wd wp Пошук:

Аляксандр Аляксандравіч Галкоўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Галкоўскі. Аляксандр Аляксандравіч Галкоўскі (нар. 24 снежня 1990) — малодшы навуковы супрацоўнік, загадчык чарнобыльскага сектару аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН РБ. Палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Біяграфія

Нарадзіўся Аляксандр (Алесь) Галкоўскі ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці, дзяцінства правёў у вёсцы Судзілы гэтага раёна. Бацька Алеся, Аляксандр Мікалаевіч Галкоўскі — майстар дэкаратыўна прыкладнога мастацтва, краязнаўца, даследчык беларускай казкі і стараста вёскі Судзілы[1][2]. Праз захапленні бацькі фальклорам і народнымі спевамі Алесь таксама з дзяцінства стаў цікавіцца краязнаўствам і беларускай культурай[3].

У 2013 годзе Алесь скончыў кафедру гісторыі Беларусі і музейнай справы ў Інстытуце культуры і мастацтваў ў Мінску, атрымаў спецыяльнасць гісторык-музейшчык, на практыцы працаваў у розных музеях Мінска і ў Магілёве. Па размеркаванні трапіў у родны Клімавіцкі раён, дзе працаваў у мясцовым краязнаўчым музеі, быў адказным за ахову гісторыка-культурнай спадчыны раёна. Як экскурсавод пачаў і пасля стала удзельнічаў у Фэсце экскурсаводаў[4].

У ліпені 2015-га пабраўся шлюбам са сваёй жонкай Настай, хутка ў іх нарадзіўся сын Альгерд. Сям’я пераехала у Мінск, дзе Алесь перавёўся на працу малодшым навуковым супрацоўнікам ў музей старажытнабеларускай культуры НАН РБ. Там меліся сабранныя па ініцыатыве загадчыка аддзела старажытнабеларускай культуры Віктара Шматава матэрыялы, прысвечаныя культурнай спадчыне вёсак і мястэчак, якія былі адселены ў выніку аварыі на ЧАЭС, Алесю было прапанавана упарадкаваць гэтыя матэрыялы і зрабіць спецыяльную экспазіцыю. Праца ў гэтым кірунку пачалася яшчэ ў пачатку 1990-ых і працягвалася да пачатку 2000-ых, за гэты час навукоўцы правялі шэраг экспедыцый, дзе абследавалі адселеныя пасля аварыі на ЧАЭС вёскі, і, нягледзячы на адсутнасць свайго транспарту, спецадзення і амаль не абсталяваныя тэхнічна, супрацоўнікі выратавалі сотні унікальных помнікаў традыцыйнай народнай культуры і мастацтва, уласнаруч адмылі (правялі «дэзактывацыю») сабраных рэчаў. Алесь актыўна далучыўся да гэтай працы, за кароткі час з дапамогай валанцёраў стварыў і пасля падтрымліваў новую экспазіцыю, прысвечаную «Чарнобыльскай калекцыі», якая з 26 красавіка 2016 пачала працаваць у Мінску. Таксама 26 красавіка 2016 Галкоўскі прэзентаваў складзеную ім кнігу-каталог экспанатаў аддзела пад назвай «Захаваная памяць страчанай зямлі»[4][5].

На сваім прыватным участку ў аграгарадку Гарадок у Маладзечанскім раёне Алесь самастойна за два гады пабудаваў дом: праект, устаноўка, уся мэбля былі ўласнаруч зроблены Алесем[4].

Пасля падзей 9-11 жніўня 2020, звязанных з пратэстамі супраць вынікаў выбараў прэзідэнта Беларусі, Галкоўскі далучыўся да «Зварота прадстаўнікоў навуковай грамадскасці Рэспублікі Беларусь»[6].

Палітычны пераслед

Затрыманне Аляксандра Галкоўскага адбылося 27 лютага 2021 на яго прыватным участку ў аграгарадку Гарадок у Маладзечанскім раёне. Агулам АМАП затрымаў 25 чалавек, якія святкавалі Масленіцу на прыватным катэджным участку. На фотаздымке і відэа, якое апублікаваў на наступны дзень адзін з праўладных тэлеграм-каналаў, «Жёлтые сливы», відаць чырвона-зялёнае пудзіла, пазней некалькі мужчын яго спальваюць, што і стала фармальнай падставай для затрымання. Усіх затрыманных прывезлі ў Маладзечанскі РАУС, дзе склалі адміністратыўныя пратаколы, адну дзяўчыну з РАУС забрала хуткая дапамога[7]. Па адміністрацыйнай справе Галкоўскі адбыў 15 сутак арышту. Таксама на падставе гэтага выпадку была распачата крымінальная справа за абразу прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса РБ)(бо пудзіла нібыта мела знешнія прыкметы, сходныя са знешнімі прыкметамі Аляксандра Лукашэнкі) супраць траіх удзельнікаў святкавання: Аляксандра Галкоўскага, Багдана Шымановіча, 48-гадовага былога доктара анэстэзіёлага-рэаніматолага, а на момант затрымання самазанятага рамесніка, і Андрэя Хадкевіча, 56-гадовага шліфоўшчыка. Усе яны не прызналі сябе вінаватымі, ніхто з іх раней не быў судзімы і не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці — за выключэннем 15 сутак арышту па гэтай справе.

Суд распачаўся ў верасні 2021, на ім Галкоўскі, у тым ліку, засведчыў пра працэсуальныя парушэнні і пагрозы: «У першую ноч у мяне было тры дадатковыя допыты, якія нідзе не фігуруюць. Людзі пэўнага целаскладу, якія не прадстаўляліся, патрабавалі ад мяне „паролі-яўкі“, пагражалі тэрмінам да пяці гадоў. Верагодна, гэта былі прадстаўнікі КДБ і ГУБАЗіК. Я разумеў, што калі нешта не падпішу, магу адтуль не выйсці. Следчы сказаў так. Я прыняў рашэнне, каб выйсці з сутак, сказаць так. Тыя паказанні я не падтрымліваю, гэта было на эмоцыях. Прамога прымусу не было, але я ўспрыняў гэта як пагрозу, што я не выйду. Калі табе пагражаюць, што твая жонка будзе шыць рукавіцы ў гомельскай калоніі, а твой сын будзе па дзетдамах цягацца — як я павінен быў паступіць? Для мяне, як для законапаслухмянага грамадзяніна, які нават за безбілетны праезд не меў штрафаў, гэта быў шок і стрэсавы стан»[8].

14 верасня 2021 суд Маладзечанскага раёна ў асобе суддзі Алега Лагачова па запыце пракурора Алены Балоцінай вынес прысуды тром абвінавачаным, Аляксандр Галкоўскі атрымаў 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»), нягледзячы на тое, што на яго ўтрыманні знаходзіцца пяцігадовае дзіця, а сям’я пражывала ў жытле, выдзеленым Галкоўскаму па месцы яго працы[8].

З 16 кастрычніка 2021 Галкоўскі пачаў адбываць прызначаны судом тэрмін ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 у Віцебску, дзе працуе на пілараме, робіць паддоны.

25 кастрычніка 2021 года дзевяць беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, прызналі Аляксандра Галкоўскага палітычным зняволеным, яго справа стала яшчэ адной у шэрагу крымінальных пераследаў па дыфамацыйных артыкулах, за дэкрыміналізацыю якіх выступае праваабарончая супольнасць Беларусі[9].

Публікацыі

Зноскі

  1. Галкоўскі Аляксандр Мікалаевіч (бел.)
  2. Сьпявае Аляксандр Галкоўскі (бел.)
  3. Рарытэты ад куцюр (бел.)
  4. 1 2 3 «Мы марым жыць на сваёй сядзібе, гадаваць сына, займацца сваёй справай». Маналог жонкі палітвязня (бел.)
  5. Захаваная памяць страчанай зямлі: пра што расказваюць «чарнобыльскія» рэчы? (бел.)
  6. Зварот прадстаўнікоў навуковай грамадскасці Рэспублікі Беларусь (бел.)
  7. Сталі вядомыя акалічнасці масавых затрыманняў, што адбыліся ў Маладзечанскім раёне 27 лютага (бел.)
  8. 1 2 Траіх мінчан асудзілі да «хіміі» з накіраваннем і без за спальванне масленічнага пудзіла на прыватным участку (бел.)
  9. Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні шасці новых палітвязняў (бел.)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Клімавіцкім раёне
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1990 годзе
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Артыкулы пра вучоных без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення праваабарончым цэнтрам «Вясна»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся 24 снежня
Катэгорыя·Палітвязні Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Выпускнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Беларусісты