Ганна ў хрышчэнні, свецкае імя Альдона вядома толькі з 2-й паловы XVI ст. ад М. Стрыйкоўскага[4] і ўкаранілася ў гістарыяграфіі праз працу О. Бальцара па генеалогіі Пястаў[5] (каля 1310 — 26 мая 1339, Кракаў) — каралева польская (1333—1339).
Дачка вял. кн. літоўскага Гедзіміна. У 1324/1325 годзе кароль польскі Уладзіслаў Лакетак заключыў з Гедзімінам мір і антыордэнскі саюз і, напэўна, для іх замацавання сватаў Альдону за свайго сына Казіміра[6]. Паводле С. Роўвела, значнасць гэтага шлюбу, г.зн. польска-літоўскага саюзу[nb 1], для Уладзіслава Лакетка была настолькі важнай, што ў 1322 годзе ён адмовіўся ад шлюбу Казіміра з Ютай (Бонай), дачкой Яна Люксембургскага[11]. Замест пасагу Гедзімін вызваліў польскіх палонных[6], паводле Стрыйкоўскага іх было 24 тысячы.
Казіміру было 15 гадоў і, напэўна, Альдона была таго ж узросту. Па прыбыцці ў Польшчу яе ахрысцілі, гэта адбылося 30 красавіка (паводле Rocznika Traskiego, што не знайшло падтрымкі ў гістарыяграфіі[12]) або 28 чэрвеня 1325 года (паводле Яна Длугаша[13]). Шлюб адбыўся 16.10.1325 года ў Кракаве.
Паводле Я. Длугаша, Ганна вызначалася высокімі маральнымі якасцямі, міласэрнасцю, любіла конную язду, танцы, розныя забавы і музыку, паўсюды яе суправаджалі музыканты. Аднак, адзначае Длугаш, Ганна не здолела кінуць «дзікіх і грубых звычак». Забавы нявесткі абуралі прыхільніцу аскезы каралеву Ядвігу, адносіны са свякроўю складваліся наогул блага[8]. Тым жа часам Казімір вядомы рамантычнымі прыгодамі. Праўдападобна, пэўны час Ганна жыла ў Познані, калі Казімір быў вялікапольскім намеснікам. Невядома, дзе знаходзілася Ганна падчас ваенных паходаў мужа і што рабіла падчас яго цяжкай хваробы, калі Казімір быў пад наглядам маці. Вядома аднак, што ніякіх палітычных амбіцый Ганна не мела. Праз месяц па смерці Уладзіслава Лакатка, 25.10.1333 года Ганна, нягледзячы на пярэчанне свякрові[nb 2], разам з Казімірам была каранавана ў Вавелі[14].
Каралева Ганна заставалася ў ценю, відаць, яе пазіцыі аслабляла і тое, што не нарадзіла спадкаемца стальца. Не шмат знайшлося наданняў Казіміра з просьбы Ганны, у параўнанні з наданнямі Уладзіслава і Казіміра з просьбы яе свякрові. Царква таксама не прызнавала за Альдонай усіх прывілеяў, абедзве каралевы мелі права удзельнічаць у імшы падчас інтэрдыктаў і наведваць кляштары, але Ганна не магла там сталавацца і начаваць, што дазвалялася Ядвізе. Мала вядома пра адносіны каралевы з мужам у гэты перыяд. Казімір не кінуў рамантычных прыгод, што прычынілася да асуджэння яго царквой, у 1338 годзе кракаўскі біскуп спыніў набажэнства, калі кароль увайшоў у касцёл. Нічога невядома пра кантакты Ганны з бацькам і сёстрамі — жонкамі плоцкага і галіцкага валадароў.[8]
Памерла ў Кракаве, смерць Ганны была нечаканая і хуткая[8] і, паводле Я. Длугаша, страшная. Пахавана ў Вавельскім кафедральным саборы.
Нарадзіла дзвюх дачок — Лізавету (1326) і Кунігунду (1335).