Акі́нчыцы[1] — колішні засценак у Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці, у 1977 годзе ўключаны ў межы Стоўбцаў.
У Акінчыцах размешчаны музей Якуба Коласа, адноўлены ў хаце, дзе ў 1882 годзе нарадзіўся паэт.
Узгаданы як засценак князя Радзівіла ў 1784 годзе: тады ён адносіўся да парафіі Стаўбцоўскага дамініканскага касцёла Мінскага дэканата[2]. Паводле «Спісу воласцей, грамад і паселішчаў Мінскай губерні на 1 студзеня 1870 г.» у Акінчыцах жыло чатырнаццаць шляхцічаў. Засценак быў упісаны ў нясвіжскі радзівілаўскі «берчак», у якім вёўся ўлік і кантроль збору грашовых падаткаў з ардынацкай шляхты[3].
У польскім геаграфічным слоўніку 1886 года даюцца такія звесткі: «Окіньчыцэ, у народнай гаворцы Акіньчыцы*, калісьці сядзіба шляхты Акіньчыцаў, Мінскі павет, у 3-м койданаўскім стане, Свержанская воласць, за 4 вярсты на поўнач ад мястэчка Новы Свержань, пры гасцінцы з Атцэды, мае 9 двароў, мясцовасць роўная, з лёгкай глебай»*[4].
Паблізу дарогі мясцілася Акінчыцкая лясная камора, дзе з 1881 па 1883 год жыла сям’я лесніка Нясвіжскай ардынацыі Міхася Міцкевіча і яго жонкі Ганны. 3 лістапада 1882 года ў іх нарадзіўся сын Кастусь, у будучым — Народны паэт Беларусі Якуб Колас.
Рашэннем аблвыканкама ў 1977 годзе вёска Акінчыцы ўключана ў межы горада Стоўбцаў.