Аване́с Шыра́з (сапр. — Анік Карапецян; арм.: Հովհաննես Շիրազ; 27 красавіка 1914 — 14 сакавіка 1984) — армянскі паэт, грамадскі дзеяч.
Нарадзіўся ў горадзе Александропаль (цяпер Гюмры), падчас генацыду армянаў. Бацька быў забіты салдатамі ў полі падчас працы. Аванес рос у прытулку для сірот, пакуль аднойчы на рынку выпадкова не знайшоў сваю маці. Быў памочнікам шаўца, працаваў у Тэкстыльным камбінаце Ленінакану.[1]
Яго першы твор — «Прыход вясны», быў апублікаваны ў 1935 годзе, пасля чаго навеліст Атрпет даў маладому Аванесу псеўданім «Шыраз», параўнаўшы яго паэзію з ружамі персідскага горада Шыразу.
У 1937—1941 гадах вучыўся на філалагічным факультэце Ерэванскага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1956 годзе — у Маскоўскім літаратурным інстытуце імя Горкага.
Апублікаваў зборнікі «Пачатак вясны», «Голас паэта», «Ліра Арменіі»[2], «Сіяманта і Хджэзарэ», «Помнік маці», «Армянская дантыйская» і інш. За зборнік «Усечалавецкае» ў 1975 г. быў ганараваны Дзяржаўнай прэміяй Армянскае ССР.
У 1960 і 1969 гадах фірма «Мелодия» на вініле выпусціла вакальна-сімфанічны цыкл Авета Тэртэрана «Радзіма» на словы Аванеса Шыраза.
Памёр у сакавіку 1984 года ў Ерэване. Пахаваны ў пантэоне парку імя Камітаса.
Аванес Шыраз — класік армянскае літаратуры. Гэта паэт рамантычнага стылю і светаўспрымання. Зборнікі вершаў «Песня Арменіі» (1940), «Голас паэта», «Кніга песень» (абодва 1942), «Лірыка» (1946), «Кніга міру і кахання» (1949), «Ліра Арменіі» (кн. 1—3, 1958—1964), «Помнік маці (1968) і інш. прысвечаныя радзіме, каханню, маці і прыродзе. У паэмах «Сіяманта і Хаджэзарэ» (1935), «Біблейскае» (1944) гармонія чалавека з прыродай[3].
На беларускую мову яго асобныя творы пераклалі Сцяпан Гаўрусёў, Анатоль Грачанікаў, Юрась Свірка[3].
Ягоным імем названыя вуліцы ў Арменіі і Іране, у Гюмры ёсць музей паэта.