Яўген Міхайлавіч Крупенька (20 жніўня 1936, вёска Саськаўка, Шклоўскі раён — 1990) — беларускі паэт, перакладчык.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Фашчаўскай СШ працаваў літсупрацоўнікам у рэдакцыі Шклоўскай раённай газеты «Чырвоны барацьбіт» (1954—1955). Служыў у Савецкай Арміі (1955—1958). З 1958 — літсупрацоўнік газеты «За вяртанне на Радзіму» (цяпер «Голас Радзімы»), з 1959 — часопіса «Блакнот агітатара», з 1961 — загадчык аддзела часопіса «Бярозка». У 1970 годзе закончыў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве. Пасля заканчэння інстытута — супрацоўнік газеты «Чырвоная змена». Член СП РБ з 1980 года.
Першыя вершы ў рэспубліканскім друку апублікаваў у 1956 (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў вершаў «Салаўі» (1969), «Нядзеля» (1972), «Бусліны човен» (1975), «Слон пад мікраскопам» (1978), «Стрэчанне» (1981), «Юбілейныя бліны» (1984), «Карэнні» (1986) і шэрага іншых. Перакладаў на беларускую мову творы грузінскіх і рускіх паэтаў. Выступаў з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі.